10 гродзенак выйшлі 17 верасня на акцыю за Беларусь у вобразе нявест, апранутых у бел-чырвона-белыя сукенкі. Яны выбралі гэты вобраз, таму што гэта чысціня і нявіннасць. Ды і іншых спосабаў, акрамя як праз мастацтва, у Беларусі пратэставаць не засталося, лічаць яны.
– Нас пазбавілі ў апошні час усіх законных спосабаў пратэсту, усіх законных спосаб супраціўляцца сістэме, і арт-праекты дапамагаюць нам выказаць сваё незадавальненне і сваю пазіцыю ў дачыненні да гэтага пытання. Да таго ж дзяўчынкі ў гэтым “сезоне” паказалі сябе як вельмі моцны згуртаваны калектыў, – сказала Hrodna.life адна з удзельніц. – Трэба ўдзельнічаць ва ўсіх ініцыятывах, якія з’яўляюцца ў нашым горадзе. Гэта адзіны спосаб паказаць сябе, сказаць, што мы думаем, і быць пачутымі або ўбачанымі.
Дзяўчаты выйшлі на пратэст супраць гвалту. “Усе ведаюць, што пасля выхаду жанчын на вуліцы пратэсты перацяклі ў больш мірнае рэчышча. Мы хочам выступіць сімвалам мірных пераменаў і мірных пратэстаў у Беларусі. Нявесты – гэта нявінныя панны, якія выходзяць у белых чыстых сукенках. Гэта сімвал новай чыстай Беларусі, – сказала Hrodna.life яшчэ адна ўдзельніца акцыі.
Я лічу, што кожны чалавек у сучаснай Беларусі мае права на выказванне ўласнага меркавання. Нас павінны пачуць, таму што тое, што робіцца цяпер, – гэта нешта немагчымае. Вобраз нявесты – гэта чысціня, сумленнасць, нявіннасць і мір. Мы за мір ва ўсім свеце і супраць гвалту, – сказалі ўдзельніцы Hrodna.life.






























