У выдавецтве «Янушкевіч» у перакладзе на беларускую мову выходзіць кніга «Гары Потэр і таемная зала». Па патрабаванні мытні выдавецтва павінна падрыхтаваць ліст аб тым, што ў кнізе «няма заклікаў да звяржэння дзейнай улады».
«Звычайная фармальнасць. Кніга ж — гэта магутная ідэалагічная зброя. Быццам бы цяпер гэта абавязкова для ўсёй кніжнай прадукцыі», — распавёў Hrodna.life выдавец Андрэй Янушкевіч.
У выдавецтве паведамілі, што кніга надрукаваная за мяжой, яе наклад вязуць у Беларусь.
Выдавецтва плануе падрыхтаваць такую даведку для рэгіянальнай мытні, расказаць пра сюжэт «Гары Потэра», а таксама чым вядомая гэтая кніга.
Старт продажаў «Гары Потэра і таемнай залы» запланаваны на 26 верасня ў мінскай краме «Светач».
Раней, у 2019 годзе, у перакладзе на беларускую мову выйшла першая кніга — «Гары Потэр і філасофскі камень».
— Мы пастараемся зрабіць лепшае выданне, чым у нашых суседзяў, бо маем магчымасць улічыць іх памылкі і пралікі, прыслухацца да заўваг чытацкай аўдыторыі, якая прачытала ў свой час кнігу на іншых мовах. Я ў захапленні ад працы перакладчыцы Алены Пятровіч — гэта найвышэйшы ўзровень падыходу да справы. Для нас вялікі гонар выканаць гэтую пачэсную місію — выпусціць кнігу пра ўжо сапраўды легендарнага Гары Потэра на роднай мове, — кажа Андрэй Янушкевіч.
Па-ангельску першую кнігу пра Гары Потэра выдалі ў 1997 годзе. Гісторыя пра юнага чараўніка пабіла ўсе магчымыя рэкорды і стала бэстсэлерам ва ўсім свеце. Яе перавялі больш чым на 80 моваў. Прададзена ўжо больш за 500 мільёнаў асобнікаў. Паводле ўсіх кніг серыі знятыя ў Галівудзе шырока вядомыя блокбастары.