15 верасня ў Гродзенскім абласным судзе мусіў адбыцца разгляд касацыйнай скаргі па прысудзе грамадскаму актывісту і музыку Ігару Банцару. У суд ён з’явіўся ў ружовым і з ружовым сцягам. На пасяджэнне Банцара не пусцілі, а з ганка суда музыку забраў АМАП.
«Я вырашыў паказаць, што тыя суды, на якіх я быў раней, — фарс», — так актывіст патлумачыў свой выгляд і перформанс на ганку абласнога суда.
Усю судовую сістэму Беларусі і папярэднія затрыманні ён таксама лічыць фарсам.
Намеснік старшыні суда не пусціў Банцара на паседжанне, бо той з’явіўся ў «неналежным выглядзе» — у шортах. Тады актывіст выйшаў на ганак, уключыў музыку з калонкі і пачаў махаць ружовым сцягам.
Праз пяць хвілін прыехала спачатку ахова, потым — бус з танаваным шклом. «Бус аб’ехаў па кальцы, стаў каля крамы, з яго выйшаў АМАП і пачалі круціць», — расказаў Hrodna.life сведка здарэння Андрэй Мялешка. Затрымлівалі музыку сямёра супрацоўнікаў АМАП, але без асаблівай жорсткасці.
Ігара Банцара павезлі ў РАУС на Дубко. Там з ім правялі прафілактычную гутарку аб недапушчальнасці такіх паводзінаў, выклікалі брыгаду медыкаў з Псіхіятрыі-наркалогіі для агляду, і адпусцілі.
У абласным судзе мусілі разглядаць касацыйную скаргу на рашэнне суда Ленінскага раёна ад 24 жніўня. Ігару Банцару прысудзілі 10 сутак па артыкуле 23.34. ч. 1 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Ён быў сярод пяці затрыманых 22 жніўня каля гродзенскага бара «Карыца». Гэта ўжо другое абскарджанне прысуду Ігара Банцара ў абласным судзе за месяц.