З 28 жніўня Польшча пачала бясплатна выдаваць беларусам адмысловыя гуманітарныя візы. Гэта магчымасць з’ехаць з краіны для тых, каго пераследуюць за грамадзянскую пазіцыю, хто турбуецца за сваю бяспеку. Hrodna.life удакладніў ў Генеральным консульстве Рэспублікі Польшча ў Гродне, што з сябе ўяўляе такая віза, і ці праўда, што гэта «квіток у адзін канец». Адказы прыводзім без зменаў.
— Хто можа звяртацца па гуманітарную візу, чым чалавек павінен пацвердзіць сваю неабходнасць у такой візе?
— Усе грамадзяне Беларусі, якія пражываюць у сваёй краіне, могуць падаць заяву на атрыманне гуманітарнай візы.
— Ці будуць на візе нейкія пазнакі аб тым, што яна гуманітарная?
— Гуманітарная віза мае адзнаку «тып візы», як і ўсе іншыя тыпы візаў.
Усе тыпы візаў, у залежнасці ад мэтаў паездкі, маюць свой код. Напрыклад, на турыстычнай візе будзе стаяць адзнака «01», на культурнай — «08», «21» — гэта доўгатэрміновая віза для атрымання палітычнага прытулку, і гэтак далей.
— Колькі можна будзе знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы па такой візе? У залежнасці ад чаго вызначаецца тэрмін, на які яна выдаецца?
— Гуманітарная віза — гэта нацыянальная віза, якая можа быць выдадзена на тэрмін да аднаго года і да 365 дзен знаходжання. Выкарыстанне візы залежыць ад патрэбаў і магчымасцяў уладальніка — у адпаведнасці з яе прызначэннем.
— Ці можна будзе перасякаць мяжу з такой візай паўторна? Напрыклад, з’ездзіць у Беларусь па рэчы і вярнуцца ў Польшчу, або вярнуцца ў Беларусь, калі пагроза аслабее, і зноў з’ехаць, калі спатрэбіцца?
— Так, гуманітарная віза — гэта шматразовая віза.
— Ці можна працаваць у Польшчы з візай такога тыпу?
— Гуманітарная віза не дае права на працу*.
* Абноўлена. З 1 снежня 2020 года, маючы гуманітарную візу ў пашпарце, чалавек можа ўладкоўвацца на працу ў Польшчы, як, да прыкладу, людзі з працоўнай візай. Патрэбна толькі мець дазвол на працу ад працадаўцы
— Ці зможа чалавек з гуманітарнай візай вярнуцца ў Беларусь, калі палічыць, што пагроза знікла, і ў будучыні звяртацца па візы іншага тыпу?
— Так, гэта магчыма.
— Ці можна з візай такога тыпу наведваць іншыя краіны Шэнгена?
— Так, на агульных умовах знаходжання ў Шэнгенскай зоне на падставе нацыянальнай візы.
На тэрыторыі іншых краін Шэнгенскага пагаднення можна знаходзіцца не больш за 90 дзён цягам кожнага 180-дзённага перыяду з даты ўезду на тэрыторыю краін пагаднення.
Пытаннямі дапамогі людзям, якія пацярпелі ад неправавых дзеянняў беларускіх уладаў і былі вымушаныя пакінуць краіну па гуманітарнай візе, консульскія ўстановы не займаюцца. Па такую інфармацыю варта звяртацца ў арганізацыі па падтрымцы беларусаў, цэнтры беларускай дыяспары, напрыклад, «Беларускі дом» в Варшаве.
Цяпер у сувязі з пандэміяй каранавіруса, уехаць у Польшчу можна толькі ўладальнікам карты паляка, віду на жыхарства ў Польшчы, па працоўнай візе, тым, у каго жонка, муж або дзеці з’яўляюцца грамадзянамі Польшчы, навучэнцам і студэнтам, якія ўжо залічаны ў польскія школы або ўніверсітэты. Таксама дазволены ўезд па гуманітарнай візе.
Як аформіць
Калі з’явілася неабходнасць у гуманітарнай візе, трэба звяртацца ў адно з польскіх консульстваў у Беларусі. У Гродне гэта Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне — тэлефон: +375 152 73 10 49, адрас электроннай пошты: grodno.kg.wiza@msz.gov.pl.
Сама віза бясплатная. Калі вы падаеце заяву на візу ў бюро прыёму заявак на візу, трэба будзе аплаціць збор за паслугі ў памеры 11 еўра. Раней паведамлялася, што пры падачы заявы на візу неабходна прадаставіць:
- запоўненую і падпісаную заяву на атрыманне нацыянальнай візы з фатаграфіяй,
- дзеючы пашпарт, выдадзены на працягу апошніх 10 гадоў, з дзвюма пустымі старонкамі, тэрмін дзеяння якога мінае не раней, чым праз 3 месяцы пасля заканчэння тэрміну,
- медыцынская страхоўка, якая дзейнічае на перыяд, на які вы хочаце атрымаць візу,
- пісьмовую заяву аб гатоўнасці атрымаць візу ў Польшчу.