У кастрычніку 2020 гандлёва-забаўляльны комплекс TRINITI адкрые ўласную лядовую пляцоўку. Адміністрацыя ТРК абяцае, што самыя зручныя гадзіны — вячэрні час і выхадныя — будуць цалкам аддадзены пад масавыя катанні.

«Мы закупілі камфортныя італьянскія канькі, дзіцячых памочнікаў-пінгвінаў, ахоўную амуніцыю, абсталявалі зручныя распранальні», — распавялі ў TRINITI. Абяцаюць, што цана для дарослых не павінна быць больш за 6 рублёў за сеанс. На працягу першых месяцаў працы ў продажы павінны з’явіцца абанементы са зніжкамі.

Пры распрацоўцы дызайну лядовай арэны натхняліся праектам віленскага гандлёвага цэнтра Akropolis — каток размесціцца ў атачэнні зоны рэстаранаў і фуд-корта, наведвальнікі якіх змогуць назіраць за фігурыстамі-аматарамі.

Арэна TRINITI адпавядае стандарту Кантынентальнай хакейнай лігі, што дазваляе пляцоўцы прымаць спаборніцтвы, у тым ліку і міжнародныя. У зоне катка абсталяваны 4 асобныя распранальні з душавымі.