Сяргея Людкевіча, пазаштатнага фотарэпарцёра інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, затрымалі ў дзень выбараў 9 жніўня, калі ён каля 21.00 здымаў вулічнае мерапрыемства. Сяргея абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і асудзілі па ч. 1 арт. 23. 34 КоАП на штраф у 15 базавых велічынь (405 рублёў). 8 верасня Гродзенскі абласны суд адмяніў рашэнне суда Кастрычніцкага раёна і адправіў справу на новы разгляд іншаму суддзі.

Сяргея Людкевіча і некалькі яго калег затрымалі 9 жніўня каля 21.00, калі яны працавалі на плошчы Савецкай. «Стаялі, працавалі, нічога не выкрыквалі», — распавёў Сяргей Hrodna.life. З 21.00 да прыкладна 8.00 10 жніўня яго ўтрымлівалі ў РАУС Кастрычніцкага раёна для праверкі асобы. Хоць дакументы ў яго былі з сабой і асабістыя дадзеныя перапісалі яшчэ падчас транспарціроўкі ў РАУС.

Каля 18.00 10 жніўня ў РАУСе прайшло судовае паседжанне. Адваката да Сяргея не дапусцілі. Са слоў Сяргея, суддзя паведаміў, што няма падстаў не давяраць пратаколу затрымання і рашэнне прынята — штраф у 15 базавых велічынь за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве па ч.1 арт. 23.34 КоАП. Пасяджэнне доўжылася 10 хвілін. Сяргей заплаціў штраф, пасля чаго яму вярнулі раней канфіскаваны тэлефон.

17 жніўня Сяргей атрымаў матывіровачную частку з суда Кастрычніцкага раёна. 26 жніўня ён падаў скаргу ў Гродзенскі абласны суд на рашэнне суддзі Валерыя Шпака ад 10 жніўня. 8 верасня прайшло судовае паседжанне, на якім рашэнне Кастрычніцкага суда адмянілі і накіравалі на паўторны разгляд справы ў той жа суд іншаму суддзі. Калі будзе новае судовае паседжанне паводле пратакола ад 10 жніўня, невядома. Пасля атрымання пастановы Гродзенскага абласнога суда стане зразумела, калі вернуць выплачаны штраф.

— Мая пазіцыя была нязменная — я выконваў свае працоўныя абавязкі, знаходзіўся на Савецкай плошчы для асвятлення вулічных мерапрыемстваў, — сказаў Сяргей Hrodna.life.

Сведкі з боку абвінавачвання на пасяджэнне 8 верасня не прыйшлі. Са слоў Сяргея, яго хадайніцтва аб прыцягненне сведак з яго боку адхілілі, таму што іх не было на папярэднім пасяджэнні.

9 жніўня разам з Сяргеем Людкевічам затрымалі яшчэ некалькі гродзенскіх журналістаў. Ігару Рэмзіку таксама прысудзілі штраф 20 базавых адзінак. Астатніх адпусцілі або далі папярэджанне. 11 жніўня жорстка затрымалі Руслана Кулевіча, зламаўшы яму косткі двух ручыцаў. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і асудзілі на 7 сутак, але 13 жніўня выпусцілі. Таксама 10 жніўня збілі, затрымалі і асудзілі на 15 базавых журналіста Яна Романа, які чакаў калегаў ля РАУСа. 11 жніўня збілі і затрымалі Аляксандра Дзянісава. Яго абвінавачвалі ў дробным хуліганстве, але справу прыпынілі.