У Гродне ўвечары 1 верасня каля чыгуначнага вакзала затрымалі 10 чалавек. На іх склалі пратаколы паводле арт 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) і адпусцілі дадому, паведамілі Hrodna.life у прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Сярод затрыманых — студэнт і навучэнец каледжа, астатнія — людзі, не звязаныя са сферай адукацыі. Адна з затрыманых была раней асуджаная за крадзеж, адзін затрыманы — за прычыненне менш цяжкіх пашкоджанняў, яшчэ аднаго ў жніўні ўжо судзілі паводле арт. 23.34 КоАП.

Увечары ў горадзе каля чыгуначнага вакзала сабралася каля 30 чалавек. Людзі стаялі без плакатаў і сцягоў, лозунгі не скандавалі. Але пачаліся затрыманні. Пасля гэтага людзі хутка разышліся.

1 верасня студэнты адразу некалькіх вну Мінска — БДУ, БДУІР, МДЛУ, БНТУ, БДУКМ, БДПУ і іншых — выйшлі на марш салідарнасці. Зрываць навучальны працэс, заяўляюць студэнты, яны не маюць намеру, але пры гэтым настойваюць на сваіх патрабаваннях: прызнанне выбараў 9 жніўня несапраўднымі, спыненне палітычнага пераследу грамадзян, вызваленне ўсіх палітычных зняволеных.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life