Новая экспазіцыя расказвае пра гісторыю Гарадзеншчыны з канца 18-га да 20-га стагоддзя. Залы прысвечаныя 19 стагоддзю, міжваеннаму перыяду, Другой сусветнай вайне, пасляваеннай адбудове Гародні. Зала, дзе сабраныя самыя цікавыя рэчы, звязаныя з дзейнасцю Юзафа Ядкоўскага — заснавальніка музея, тое, што ён збіраў яшчэ ў 20 — 30 гадах, распавёў r**yja.com Андрэй Вашкевіч, адзін са стваральнікаў экспазіцыі.
Па словах Андрэя Вашкевіча, у экспазіцыі шмат цікавых экспанатаў, якія з’яўляюцца эксклюзіўнамі рэчамі, набытымі ў гарадзенцаў:
— Напрыклад, у экспазіцыі, прысвечанай паўстанню, ёсць цікавая запанка паўстанцкая сярэдзіны 19 стагоддзя. Яна была знойдзена гарадзенцамі і перададзеная ў музей. У экспазіцыі генерала Антонава ёсць вельмі цікавая карціна невядомага нямецкага марыніста, яна з кабінета Антонава. Яе аднавілі музейныя рэстаўратары. Сурдут гарадзенскага чыноўніка пачатку 20-га стагоддзя. Нават на ім захавалася фірмовая бірка майстра Прэнскага, які гэты сурдут пашыў.
Па словах Андрэя Вашкевіча, музейная экспазіцыя ў Новым замку Гародні пашырылася за кошт плошчаў, дзе раней знаходзілася бібліятэка імя Карскага і цяпер гэтыя пакоі атрымалі новае жыццё.