Платформы «Голас», «Сумленныя людзі» і «Зубр» апублікавалі фінальную справаздачу пра прэзідэнцкія выбары і карту з фальсіфікацыямі - на ёй апынулася больш за 400 участкаў. Галоўная выснова справаздачы: выбары несапраўдныя.
Платформы атрымалі і апрацавалі выніковыя пратаколы 1310 выбарчых участкаў з 5767 па ўсёй Беларусі. Мінімум на 30% гэтых участкаў знойдзеныя фальсіфікацый, з-за чаго выбары нельга прызнаць законнымі. Патрабаванні беларусаў правесці новыя сумленныя выбары — абгрунтаваныя, паведамляе ініцыятыва.
Неадпаведнасцяў асабліва шмат па Мінску. Паводле ЦВК, у сталіцы за Ціханоўскую прагаласавалі 126 861 чалавек на 731 участку. У распараджэнні платформаў - пратаколы з 432 сталічных участкаў. Сума галасоў за Ціханоўскую ў іх ужо перавышае выніковыя дадзеныя ад ЦВК. Гэта значыць, што на самой справе за яе ў Мінску прагаласавала больш людзей, чым агучыў ЦВК.
Падобная сітуацыя па Мінскай вобласці. Калі проста сумаваць галасы ў наяўных пратаколах, то на астатнія 74% участкаў (а гэта 736 з 993) прыпадае ўсяго 0,7% галасоў за Ціханоўскую — 751 голас ад усіх 115 304.
Першы факт істотнай фальсіфікацыі - прымус да датэрміновага галасавання і завышэнне яўкі на датэрміновым галасаванні ўдвая. Акрамя таго, не ўсе змаглі прагаласаваць, доступ на выбарчыя ўчасткі 9 жніўня быў абмежаваны. Некаторыя ўчасткі працягнулі працу пасля 20:00, на многія ўчасткі прыбылі сілавыя структуры.
«Мы рыхтаваліся да глыбокага даследавання, аналізу сацыялагічных адхіленняў, пошуку незвычайных заканамернасцяў у галасаванні… А на справе выявілася, што Цэнтрвыбаркам падмануў нас так груба, што нават школьнік, які нядаўна пазнаёміўся з арыфметыкай, лёгка ўбачыць фальсіфікацыю. Гэта выклікае пачуццё глыбокага расчаравання, паколькі ЦВК нават не спрабаваў імітаваць сумленныя выбары», — адзначылі распрацоўшчыкі «Голаса».
Па наяўных пратаколах з выбарчых участкаў, вынік Лукашэнкі не можа перавышаць 61,7% (ЦВК паведаміла аб 80,1%). Але нават гэты паказчык магчымы пры ўмове, што дадзеныя ў пратаколах сумленныя і фальсіфікацый ні на адным з 1310 участкаў не было. Ініцыятыва падлічыла, што яны былі мінімум на кожным трэцім.
«На 59% выбарчых участкаў у Мінску ў Ціханоўскай больш галасоў па пратаколах, чым на 100% участкаў у Мінску паводле выніковых дадзеных ЦВК. Гэта значыць, што ў рэчаіснасці за Ціханоўскіую ў Мінску прагаласавала больш людзей, чым агучыў ЦВК. І выніковыя дадзеныя, агучаныя Цэнтрвыбаркамам, ніяк не звязаныя з пратаколамі галасавання», — пішуць аўтары справаздачы.
Паводле афіцыйных пратаколаў УВК з 1310 участкаў, кандыдат Аляксандр Лукашэнка набраў каля 61,7% галасоў, што істотна ніжэй выніку ад ЦВК у 80,1%.
Карта фальсіфікацый апублікавана на платформе «Голас». Там жа — фатаграфіі пратаколаў, на падставе якіх праводзіўся аналіз. У працэсе загрузкі - фатаграфіі бюлетэняў.
- Сіні - перамога кандыдата супадае ў пратаколе камісіі і дадзеных «Галасы»
- Чырвоны — галасоў за кандыдата ў «Голасе» больш, чым у афіцыйным пратаколе (фальсіфікацыя)
- Шэры — на участках недастаткова дадзеных для высновы аб сумленнасці працы выбарчай камісіі
Такія вынікі атрымалі на аснове адказаў карыстальнікаў з пацверджаным нумарам тэлефона:
Фінальная справаздача стане адным з кампанентаў пазову, які адвакаты Каардынацыйнага Савета накіруюць у Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. Гэта неабходна, каб абараніць права беларускага народа на правядзенне новых сумленных выбараў.
Таксама гэтая справаздача ўжо выкарыстоўваецца ў якасці доказнай базы для міжнароднай супольнасці - з мэтай непрызнання законнасці мінулых выбараў кіраўніцтвам іншых краін.