Аўтазак зачапіў аўтамабіль гарадзенца. Ён выйшаў з машыны высветліць, што адбылося, але яго схапіў АМАП. Мужчыну затрымалі і прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту, пасля нечакана выпусціці са зламанымі рэбрамі і “меткай”.
Гродзенец Аляксандр Вараб’ёў не ўдзельнічаў у акцыі пратэсту 11 жніўня. Ён ехаў да сваёй маці на Суворава.
– Тата быў за стырном. Кола было заблакавана, каб аб’ехаць, ён праязджаў праз філармонію. Як раз туды пачалі з’язджацца аўтазакі, БТР і бусікі з АМАПам. Аўтазак заязджаў і зачапіў яго машыну, – распавяла дачка Яна са слоў відавочцаў.
Чытайце таксама: Руслана Кулевича неожиданно освободили из изолятора
Аляксандр выйшаў з машыны, не заглушыўшы рухавік, каб паглядзець, што адбываецца. У гэты час АМАП пачаў затрымліваць людзей.
Яго за рукі за ногі ўзялі і загрэблі ў аўтазак. Ён адтуль патэлефанаваў маці і сказаў “Мяне скруцілі, я ў аўтазаку”. Ён нават не паспеў дастаць ключ і выключыць фары.
Калі Яна забірала машыну, тая была заведзеная і стаяла пасярод дарогі. Відавочцы выклікалі ДАІ. У аўтамабілі разбіта задняя фара, дзірка ў крыле. Верагодна, Аляксандр прыехаў у РАУС без абутку. “Бо ён тэлефанаваў маці і сказаў “красовак шкада”, – сказала Яна.

Зламалі два рабры і паставілі пазнаку
12 жніўня Яне стала вядома, што бацьку пасля затрымання павезлі ў Кастрычніцкі РАУС. Яму прысудзілі 10 сутак арышту. Дзе ён іх адбывае, Яне не паведамілі. Перадачу не прынялі праз “эпідэміялагічную абстаноўку”.
13 жніўня Аляксандра нечакана выпусцілі. У яго зламаныя два рабры. Ці будуць скардзіцца на дзеянні міліцыі, сям’я пакуль не вырашыла. Аляксандра “пазначылі”, бо размаўляў на беларускай мове – на руцэ ў яго застаўся знак крыжа.



