Каля 200 чалавек апладысментамі сустрэлі кандыдата ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую на ўчастку для галасавання № 21 у СШ № 137 у Мінску. Людзі скандавалі «Света» і «Малайчына», крычалі «Мы з вамі» і «Мы вас любім».
Пасля галасавання журналісты засыпалі Ціханоўскую пытаннямі. Яна з цяжкасцю прасоўвалася праз шчыльны натоўп да машыны. «Дайце мне не задыхнуцца раней часу», — з усмешкай папрасіла яна ў журналістаў.


— Вы не баіцеся, што будзе 2010-ы год ізноў?
— Я вельмі гэтага не хачу, я хачу сумленных выбараў.
— Многія людзі сёння прыйшлі з белымі стужкамі. Як вы лічыце, ці будуць сумленна лічыць галасы?
— Я вельмі на гэта спадзяюся. Я заклікала членаў выбарчых камісій: калі ласка, лічыце правільна, вы ж настаўнікі, вы ж вучыце нашых дзяцей. Хоць я разумею, што справа не ў настаўніках. Я вельмі хачу, каб выбары былі сумленнымі. Калі ўладзе няма чаго баяцца, калі б яны не перажывалі, калі ўвесь народ за Аляксандра Рыгоравіча, то мы б з гэтым пагадзіліся, калі б выбары былі сумленнымі.
— Вераніка Цапкала з’ехала з Беларусі?
— Я не ведаю. (За 10 хвілін да размовы, у 14.15, аб’яднаны штаб пацвердзіў, што Вераніка Цапкала з’ехала з Беларусі — яна выйшла на сувязь са штабам з Масквы, там яна збіраецца прагаласаваць — рэд.)
— Ці будзе пачуты ваш зварот да сілавых структураў?
— Яны ўжо мяне пачулі. Я вельмі спадзяюся, што ўсё пройдзе спакойна, таму што я толькі за мір у Беларусі.
Сустрэцца з кандыдаткай у прэзідэнты каля ўчастка прыехала Марыя Калеснікава, кіраўнічка штаба Віктара Бабарыкі. Яна прагаласавала раней на іншым участку. Пасля галасавання Святлана Ціханоўская будзе чакаць заканчэння выбараў у прэс-цэнтры аб’яднанага штаба.
Чытайце таксама: