У судзе Ленінскага раёна Гродна 7 жніўня прайшоў адміністрацыйны працэс у дачыненні да веласіпедыстаў Сяргея Нікуліна і Яўгена Пякуцькі. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 14 ліпеня з дапамогай ровараў.
Гродзенцаў затрымалі 15 ліпеня на Савецкай плошчы, калі яны мянялі кола на ровары. У гэты ж дзень веласіпедыстаў адпусцілі. Міліцыя канфіскавала ў іх ровары і мабільныя тэлефоны. Праз некалькі дзён на гродзенцаў склалі пратаколы за 14 ліпеня па арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
Што менавіта рабілі веласіпедысты 14 ліпеня?
Нікулін і Пякуцька 14 ліпеня ехалі ў складзе калоны веласіпедыстаў па цэнтры Гродна. На думку супрацоўнікаў міліцыі яны былі ўдзельнікамі масавага мерапрыемства. На судзе сведкам выступіў супрацоўнік РАУС Ленінскага раёна Вадзім Налівайка. Абвінавачаныя сваёй віны не прызналі і распавялі, што проста каталіся па горадзе, калі ў цэнтры горада праходзіла акцыя салідарнасці.
Судзьдзя Руслан Гурын прызнаў Нікуліна і Пякуцьку вінаватымі і асудзіў першага на 5 сутак арышту, другога — на штраф 15 базавых велічыняў (405 рублёў). Ровары і мабільныя тэлефоны ім аддадуць пасля ўступлення ў сілу рашэння суда.
«У судзе мы відэа глядзелі. Там відаць, што з нашага боку нічога супрацьзаконнага не было, — распавёў Hrodna.life Яўген Пякуцька. — Ехалі без сімволікі і крыкаў. У цэнтры да нас на сустрэчу выехаў натоўп веласіпедыстаў. Такім чынам усіх можна прыцягнуць да адказнасці».
Што кажа праваабаронца?
Гродзенскі праваабаронца цэнтру «Вясна» Уладзімір Хільмановіч лічыць рашэнне суда абсурдным і палітычна матываваным.
«Хлопцы ў той дзень ехалі без сімволікі і нейкіх выкрыкаў. Іх віну ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі ў судзе не даказалі. З такімі тэмпамі хутка і пешаходаў будуць судзіць», — сказаў Hrodna.life праваабаронца.
Чытайце таксама: «Машину вернуть, флаги уничтожить». В Гродно осудили Владимира Родченко