Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі рэдакцыя Hrodna.life абвяшчае свае выбары — бяскрыўдныя і амаль цалкам апалітычныя. Мы прапануем кожнаму нашаму чытачу прыйсці ў рэдакцыю ў суботу, 8 жніўня, каб прагаласаваць і выбраць самую правільную назву горада.
Гэта спрэчка цягнецца гадамі: Гродна ці Гародня? А можа Горадня ці наогул Горадзен? Падтрымаць версію, якую лічыце найлепшай, вы можаце на выбарах у рэдакцыю Hrodna.life. У нас будуць бюлетэні, кабінка і урна для галасавання — усё як мае быць.
Галасаванне пройдзе 8 жніўня з 11.00 да 19.00. Да 20.00 камісія ў складзе рэдактароў Hrodna.life падлічыць галасы і абвесціць вынікі.
А яшчэ мы ахвотна пачастуем вас кавай і запросім пагуляць у нашу найноўшую распрацоўку — настольную гульню «Дурыбары 20.20». Спецыяльна да выбараў мы распрацавалі картачную гульню, якая лёгка і з гумарам імітуе самыя «дэмакратычныя і празрыстыя» выбары ў нашай краіне. Памятайце, што гэта ўсяго толькі гульня, а любыя падзеі ў яе працэсе — цалкам выдуманыя. Супадзенні з рэальным жыццём і асобамі выпадковыя 😉
Пабачыць самую першую тэставую калоду карт «Дурыбары 20.20» вы зможаце ў офісе Hrodna.life. Кожны зможа таксама сцягнуць сабе ў pdf набор карт, раздрукаваць і выразаць іх, каб паспрабаваць згуляць з сябрамі. Старыя аматары настолак дык наогул узгадаюць эпоху print&play 😉
У найбліжэйшым часе пасля прэзентацыі Hrodna.life надрукуе абмежаваны наклад гульні. Сачыце за навінамі, каб даведацца, як атрымаць гульню ў падарунак.
Адрас рэдакцыі: вул. Кірава, 3, офіс 8−2 (уваход праз краму «Адметнасць»).