Пасля рамонту ў Палацы тэкстыльшчыкаў размесцяць музей гісторыі і прыроды. Мастацкі музей горада з’явіцца ў правым крыле Новага замка. Такі адказ атрымала ад Гродзенскага аблвыканкама мастацтвазнаўца Наталля Паўленка. Пры праектаванні мастацкай экспазіцыі ў Новым замку правядуць круглы стол для ўсіх ахвотных.
Што будзе ў будынку Палаца тэкстыльшчыкаў?
«Гроднаграмадзянпраект» карэктуе праектна-каштарысную дакументацыю, каб абсталяваць будынак былога Палаца культуры тэкстыльшчыкаў пад музей, паведамілі ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама.
Канцэпцыю будучай экспазіцыі распрацаваў Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. Яна будзе адлюстроўваць гісторыю Гродзеншчыны, а таксама прадставіць найбольш каштоўныя прыродазнаўчыя калекцыі музея. Гэтае рашэнне прынялі на абмеркаванні лёсу будынка 21 чэрвеня 2019 года, паведамілі ва ўпраўленні культуры.
Чытайце таксама:
- «Позор, что его нет». Зачем Гродно художественный музей и когда он может появиться
- Художественный музей в Гродно: почему он должен появиться и как его поддержать
Чаму так?
У будынку былога Палаца культуры тэкстыльшчыкаў з’явіцца музей гісторыі і прыроды, таму што па выніках аналізу наведвальнасці прыродазнаўчыя і гістарычныя калекцыі застаюцца самымі наведвальнымі ў музеях.
— Экспазіцыі пра гісторыю Гарадзеншчыны і аб прыродзе краю, якія размяшчаліся ў Старым замку, заўсёды былі найбольш запатрабаванымі па параўнанні з іншымі музейнымі аб’ектамі Гродна. На працягу 2018 года іх наведала амаль 108 тыс. чалавек, у 2019 годзе (да закрыцця замка на рэстаўрацыю ў снежні) — звыш 127,5 тыс. чалавек. Групы турыстаў заказвалі ў першую чаргу наведванне экспазіцый гісторыі і прыроды, — паведамілі ва ўпраўленні культуры.
Таму гістарычная і прыродазнаўчая экспазіцыі, якія размесцяцца ў будынку былога палаца культуры Тэкстыльшчыкаў, будуць запатрабаваныя як жыхарамі, так і гасцямі горада, лічаць у аблвыканкаме.
Што з мастацкім музеем у Гродне?
Мастацкую экспазіцыю размесцяць у правым крыле Новага замка, дзе раней знаходзілася Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Карскага. З гэтым пагадзіліся большасць членаў абласнога філіяла Беларускага саюза мастакоў 15 лістапада 2019 года.
Адкрыццё мастацкай экспазіцыі ў Новым замку дазволіць наведаць экспазіцыі найбольшай колькасці наведвальнікаў, у тым ліку за кошт турыстаў, якія наведваюць комплексныя выставы, лічаць ва ўпраўленні культуры.
Што будзе ў мастацкім музеі?
У планах уладаў сумясціць жывапіс, графіку, скульптуру з экспанаваннем прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэта мастацкае шкло, кераміка, тэкстыль.
Ініцыятыўная група па стварэнню мастацкага музея ў Гродне прапанавала правесці круглы стол па пытанні эфектыўнага выкарыстання будынка былога палаца культуры Тэкстыльшчыкаў. Ім адказалі, што гэта не актуальна, таму што з 02.03. 2020 вядуцца работы па праектаванні.
Але пры праектаванні мастацкай экспазіцыі ў Новым замку правядуць круглы стол для абмеркавання канцэпцыі будучай экспазіцыі з прыцягненнем шырокага кола зацікаўленых, паведамілі ў аблвыканкаме.