Навіны

НАРБ закрыў доступ да базы даных аб рэпрэсаваных, каб беларусы не падаваліся на Карту паляка

База даных «Звесткі аб неабгрунтавана рэпрэсаваных грамадзянах Беларусі» Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (НАРБ) больш недаступна для грамадзян. Гэта адзіная і найбольш поўная крыніца звестак аб рэпрэсаваных у 1920−1950-я гады жыхарах Савецкай Беларусі, піша «Новы час».

Нашчадак рэпрэсаваных і каардынатар кампаніі «Забітыя, але не забытыя» Ігар Станкевіч прайграў суд. 27 ліпеня судзейская калегія Мінскага гарадскога суда пакінула без зменаў рашэнне суда першай інстанцыі, а апеляцыйную скаргу без задавальнення. Ён спрабаваў аспрэчыць непрадастаўленне архівам звестак з базы даных аб сваіх рэпрэсаваных сваяках.

Упершыню па звесткі пра рэпрэсаваных продкаў Ігар Станкевіч звярнуўся ў Нацархіў у 2014 годзе. Тады даныя аб расстраляных у Оршы прабабулі і прадзядулю яму далі ў поўным аб’ёме. У канцы 2018 года ён накіраваў запыт на іншых рэпрэсаваных сваякоў, але адзінае, што выдаў НАРБ, — шыфры архіўна-следчых спраў у архівах КДБ і рэкамендацыі звярнуцца па месцы захоўвання матэрыялаў. Спробы высветліць у дзяржаўнай установе і Дэпартаменце па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі, чаму змянілася практыка работы дзяржархіву, яснасці не прынеслі.

Пасля таго, як у канцы 2019 — пачатку 2020 года Ігар Станкевіч і яшчэ некалькі нашчадкаў запыталі ў НАРБ звесткі пра рэпрэсаваных і не атрымалі неабходнага аб’ёму інфармацыі, Станкевіч пайшоў у суд. Першую інстанцыю ён прайграў. 30 сакавіка Першамайскі раённы суд Мінска адмовіў яму ў задавальненні патрабаванняў і цалкам заняў бок прадстаўнікоў дзяржструктуры. Мінскі гарадскі суд пакінуў прынятае рашэнне без зменаў.

Базу закрылі раней

Выявілася, што кіраўніцтва НАРБ яшчэ напрыканцы 2018 года ўнутраным дакументам перавяло базу ў разрад «для службовага карыстання». Доступ да яе з тых часоў маюць усяго некалькі супрацоўнікаў архіва. Цікава, але яшчэ ў 2017 годзе на запыт іншага нашчадка рэпрэсаваных Дзмітрыя Дразда першы намеснік міністра юстыцыі С. Задзіран сцвярджаў, што «база даных „Звесткі аб неабгрунтавана рэпрэсаваных грамадзянах Беларусі“ не ўтрымлівае абмежаванні для службовага карыстання».

«Гэтая база — адзіны ў Беларусі дзяржаўны рэестр, адкуль кожны бесперашкодна мог атрымаць звесткі на любога рэпрэсаванага, не пацвярджаючы сваяцтва, што немагчыма зрабіць у архівах КДБ. Колькасць імёнаў тут у 2,5 — 3 разы большае, чым у адкрытых базах таго ж расійскага „Мемарыялу“ або беларускай „Картатэкі Сталіна“. Па сутнасці, гэта дакументальны помнік з імёнамі ахвяраў савецкага таталітарызму. Але ў снежні 2018 года НАРБ неправамерна схаваў яго ад шырокай аўдыторыі, ад сотняў і тысяч нашчадкаў рэпрэсаваных, ад усяго грамадства. У адпаведнасці з унутраным палажэннем, база выкарыстоўваецца толькі ў службовых мэтах і не прызначана для складання статсправаздачы, аналітыкі, правядзення гістарычных даследаванняў. То-бок, гэта мёртвы масіў даных. А прадстаўляюцца звесткі з яе цяпер настолькі мізэрныя, што звяртацца ў архіў больш не мае сэнсу», — лічыць Ігар Станкевіч

Прычына — Карта паляка

«Мы інфармацыю не закрываем», — сцвярджае намеснік дырэктара НАРБ Алена Кушнова. Паводле яе слоў, спецыфіка базы ў тым, што яна заснаваная на дакументах не Нацыянальнага архіва, а архіваў КДБ і МУС. Нацархіў не можа праверыць дакладнасць наяўных у яго звестак, таму з 2018 года рэкамендуе звяртацца па месцы захоўвання архіўна-крымінальных спраў. Кушнова сцвярджае, што, калі архіў выдаваў поўныя звесткі, было шмат нараканняў з боку нашчадкаў з-за шматлікіх памылак.

«Адносна таго, што мы падавалі звесткі з гэтай базы даных. Так, мы падавалі. Потым мы атрымлівалі яшчэ шмат скаргаў ад грамадзян, што няправільна ўказаны год нараджэння, не тая нацыянальнасць», — тлумачыць намеснік дырэктара Нацархіва.

Аказалася, прадстаўнікі архіва вырашылі, што база рэпрэсаваных выкарыстоўвалася няправільна.

«Гэтая база даных была выкарыстана для іншых мэтаў грамадзян — Карта паляка … Сваякі казалі: „Нам не важна, што ён быў рэпрэсаваны, нам звесткі не трэба. Нам трэба, калі ён будзе палякам“. Было і такое. Таму мы разбіраліся з гэтай базай. І паколькі ў нас не было ніякага дакумента аб парадку карыстання, мы ў 2017 годзе запланавалі на 2018 год на разгляд дырэкцыі вынесці пытанне аб разглядзе карыстання гэтай базай даных», — растлумачыла ў судзе Алена Кушнова.

Прынятае судовае рашэнне, а таксама ўнутраны парадак выкарыстання базы даных НАРБ нашчадак рэпрэсаваных Ігар Станкевіч мае намер абскардзіць у вышэйстаячыя структуры аж да міжнародных арганізацый.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024