Намесніка гендырэктара па сыравіне Скідзельскага цукровага камбіната Сяргея Кулікоўскага затрымалі пры атрыманні хабару 1950 рублёў «за спрыяльнае рашэнне пытанняў», паведаміла прэс-служба МУС.
52-гадовага Сяргея Кулікоўскага затрымалі ўвечары 8 ліпеня ў Гродне пры атрыманні 1 950 рублёў. Грошы перадавалі за спрыяльнае рашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю, паведамілі ў МУС.
Кулікоўскага затрымлівалі з удзелам АМАП і ДАІ ў машыне індывідуальнага прадпрымальніка. Аператыўнай распрацоўкай падазраванага займаліся супрацоўнікі па барацьбе з аргзлачыннасцю і карупцыяй МУС.
Распачатая крымінальная справа за атрыманне хабару (ч. 1 арт. 430 Крымінальнага кодэкса). Мужчына ўзяты пад варту. Аператыўнікі правяраюць яго дачыненне да аналагічных злачынстваў. Ужо вядома аб некалькіх эпізодах атрымання незаконных узнагароджанняў, пачынаючы з 2015 года.
Аб затрыманні топ-менеджара стала вядома яшчэ 16 ліпеня з неафіцыйных крыніц. Тады карэспандэнту T*T.BY на Скідзельскім цукровым камбінаце сказалі, што Кулікоўскі у адпачынку з сярэдзіны мінулага тыдня.
Сяргей Кулікоўскі адказваў на Скідзельскім цукровым камбінаце за набыццё і перапрацоўку цукровых буракоў і сырца. Сыравінная зона завода ўключае 8 буракасейных раёнаў Гродзенскай вобласці. Дастаўка ажыццяўляецца грузавікамі і вагонамі. Цэнтральны склад буракоў ёсць у Скідзелі, філіялы знаходзяцца ў гарадскім пасёлку Рось і Памежным пасёлку. Таксама задзейнічана пляцоўка на чыгуначнай станцыі Бастуны.
«Цукровая справа»
У канцы студзеня 2020 года супрацоўнікі КДБ затрымалі кіраўнікоў усіх чатырох цукровых заводаў, Беларускай цукровай кампаніі і яшчэ некалькіх бізнесменаў. Па гэтай справе праходзіць і былы начальнік 2-га ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (Губазік МУС) Уладзімір Ціхіня.
Распачатыя крымінальныя справы па фактах атрымання і давання хабараў.
Па інфармацыі сілавікоў, топ-менеджэры арганізавалі нелегальныя схемы з продажам цукру і упаковак для яго фасоўкі.