У нядзелю, 26 ліпеня, адкрыюць рух пасля рамонту на вул. Кірава для легкавога транспарту. Грамадскі транспарт пойдзе па вуліцы з панядзелка. На дарозе паклалі верхні пласт асфальту — цяпер яму трэба час, каб ўмацавацца, паведамляе youtube-канал «Гродна Плюс».

З 9.00 панядзелка, 27 ліпеня, закрыюць для руху вуліцу Будзёнага — пад пуцеправодам да вуліцы Леніна ад Карла Маркса. Там будуць укладваць верхні пласт асфальту. Участак Будзёнага-Карла Маркса-Леніна будзе закрыты да 2 жніўня, паведаміў Андрэй Жук, першы намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама.

З панядзелка таксама перакрыюць праспект Янкі Купалы. Там ужо фрэзеравалі верхні пласт і выявілі сур’ёзныя дэфекты, асабліва ў раёне пуцеправода па праспекце Кляцкова і вуліцы Фамічова, якія патрабуюць ліквідацыі. Праспект Янкі Купалы будзе закрыты з 27 ліпеня з 9 раніцы да 7 жніўня, 16.00. Кіроўцам рэкамендуюць планаваць маршруты з улікам гэтых акалічнасцяў. Рух грамадскага транспарту таксама зменіцца.