У Гродзенскай вобласці зніжаецца колькасць лабараторна пацверджаных выпадкаў каранавірусу і колькасці пацыентаў, якім трэба лячэнне ў стацыянары. У вобласці ёсць рэактывы для правядзення 24 тысяч экспрэс-тэстаў для вызначэння імунаглабулінаў да інфекцыі, паведамляе grodnonews.by.
Інфармацыю пра запіс на тэставанне размясцілі на сайтах цэнтральных раённых бальніц і паліклінік. У вас возьмуць кроў з вены, вынік — на працягу 2−3 гадзін.
Пры станоўчым выніку пацыента накіруюць да ўчастковага лекара, які вызначае далейшую тактыку. У выпадку адсутнасці клінічных праяў хваробы, рэнтген- і лабараторных змяненняў, кантакту першага ўзроўню ў анамнезе — неабходна вымяраць двойчы ў дзень тэмпературу. У гэтым выпадку лісток непрацаздольнасці не выдаецца. Пры найменшым пагаршэнні самаадчування неабходна звярнуцца да ўрача.
Бальніцы будуць працаваць у звычайным рэжыме
Бальніцы і паліклінікі паступова вяртаюцца да звычайнага рэжыму функцыянавання. Прыкладна з 15 ліпеня ва ўсіх цэнтральных раённых бальніцах адноўленая планавая шпіталізацыя, распавяла Алена Краткова, начальнік Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама.
- у поўным аб’ёме адноўлена праца гарадской клінічнай бальніцы № 3;
- з 13 ліпеня пацыенты з COVID-19 больш не паступаюць у універсітэцкую клініку. Там паэтапна праводзіцца заключная дэзінфекцыя для ўводу на працягу тыдня ў дзеянне ўсяго адведзенага корпуса;
- ідзе падрыхтоўка да звычайнай працы стацыянара скурна-венералагічнага дыспансера.
Усе меры папярэджання распаўсюджвання каранавіруса ва ўстановах аховы здароўя захаваны, у тым ліку па абароне медыцынскага персаналу.
Як пройдзе планавая шпіталізацыя?
Чалавеку перад планавай шпіталізацыяй рэкамендуюць:
- за два-тры дні да паступлення ў стацыянар да мінімуму абмежаваць кантакты з навакольнымі;
- варта кантраляваць і рэгістраваць сваю тэмпературу цела;
- перад планавымі хірургічнымі ўмяшаннямі неабходна звярнуцца ў паліклініку да ўчастковага тэрапеўта, які ацэніць наяўнасць прыкмет інфекцыі. Калі іх няма, то будзе прызначана ПЛР-даследаванне.
ПЛР-дыягностыка (палімеразная ланцуговая рэакцыя) — высокадакладны метад дыягностыкі шматлікіх інфекцый, які грунтуецца на даследаванні генетычнага матэрыялу чалавека (ДНК і РНК). У залежнасці ад мэты даследавання выкарыстоўваюцца кроў, сліна, мокрота, выдзяленні палавых органаў і іншыя біялагічныя матэрыялы, паведамляе synevo.by.
ПЛР-абследаванне на платнай аснове праводзіцца, калі чалавеку трэба выехаць за мяжу і ён падаў пацвярджаючыя дакументы. Магчымасць такой дыягностыкі прадастаўляюць у дзвюх установах вобласці: абласным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі і абласной інфекцыйнай клінічнай бальніцы. Запіс ажыццяўляецца на сайтах устаноў.
Як арганізаваная дапамога цяжарным?
Вышэйпералічанае — абавязковая ўмова таксама пры планаванай шпіталізацыі цяжарных для аказання акушэрска-гінекалагічнай дапамогі. Вынікі такой дыягностыкі дакументальна пацвярджаюць і паказваюць у прыёмным аддзяленні. Там будзе дадатковы кантроль — ўсім памераюць тэмпературу цела і пры найменшым сумневе правядуць экспрэс-тэст.
У стацыянарах таксама захаваны ўсе шлюзы і вызначаны асобныя палаты для лячэння пацыентаў з падазрэннем або наяўнасцю каранавіруснай інфекцыі.
У паліклініках захоўваюць рэжым
У паліклініках на ўваходзе вымяраюць тэмпературу, падзяляюць патокі пацыентаў з падвышанай і нармальнай тэмпературай, просяць людзей выконваць сацыяльную дыстанцыю, прыходзіць у масках і ўзгадняць час прыёму.
З-за пандэміі спынілі дыспансерныя і прафілактычныя агляды, скрынінгавыя мерапрыемствы. Людзям плануюць аказаць дапамогу ў самыя кароткія тэрміны з захаваннем супрацьэпідэміялагічнага рэжыму.
З-за каранавіруса развіваюцца фіброзныя змены ў лёгкіх, якія могуць справакаваць хранічныя захворванні гэтага органа з дыхальнай недастатковасцю. Таму ў першую чаргу ў стацыянарах і паліклініках аднавілі сваю дзейнасць аддзялення рэабілітацыі.
Як рыхтуюцца да другой хвалі каранавіруса?
У медустановах правядуць маніторынг стану сістэмы кіслародазабеспячэння, вызначаць аб’ёмы для планавага дадатковага абсталявання кіслароднымі кропкамі.
- У Лідзе райвыканкам адшукаў сродкі, пачалася працэдура закупкі запчастак для рамонту апарата КТ.
- Новы апарат ПЛР атрыманы ў якасці гуманітарнай дапамогі ад «Росатома» і ўсталёўваецца ў бальніцы ў Астраўцы. Ён паскорыць правядзенне абследаванняў не толькі работнікаў Беларускай АЭС, але і насельніцтва Астравецкага, Смаргонскага і Ашмянскага раёнаў.
- Прапрацоўваецца пытанне набыцця і ўстаноўкі ПЛР за кошт спонсарскай дапамогі ў Лідзе і абласной інфекцыйнай клінічнай бальніцы. За сродкі з розных крыніц дадаткова закуплена 35 апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Ствараюцца запасы сродкаў індывідуальнай абароны, дэзсродкаў, антысептыкаў, лекавых прэпаратаў.
Паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 11 лютага ў Беларусі пацверджана 263 551 выпадак каранавіруса (1692 за апошнія суткі), ачунялі і выпісаны 252 068 (1990 за апошнія суткі) пацыентаў, памёрлі 1820 чалавек (9 за апошнія суткі).