Квэст ад Hrodna.life пачнецца ў суботу, 25 ліпеня, і працягнецца месяц. Далучыцца да гульні можна ў любы момант на платформе grodno.en.cx.
Гэта першая гульня з серыі гарадскіх гульняў, якія рэдакцыя Hrodna.life запланавала на лета-восень 2020. Зараз амаль немагчыма з’ехаць адпачываць за мяжу, таму мы вырашылі арганізаваць для нашых чытачоў інтэлектуальна-забаўляльны адпачынак у горадзе.
Каб прайсці ўсе ўзроўні, вам спатрэбіцца асацыятыўнае мысленне, веды па гісторыі Гродна і ўменне эфектыўна гугліць. Адказ на некаторыя пытанні прыйдзе адразу, на іншыя ж будзе патрабаваць роздумаў - час на іх будзе. Вы можаце пачаць квэст у адзін дзень, потым узяць перапынак на некалькі, а потым вярнуцца да заданняў. Праз нейкі час, калі вы ніяк не зможаце прайсці пэўны ўзровень, з’явяцца падказкі, якія дапамогуць.
Каб прайсці гульню, не спатрэбіцца ніякае дадатковае абсталяванне. Хопіць смарфтона з інтэрнэтам, зручнай вопраткі і, калі будзеце гуляць ноччу, ліхтарыка. У большасці ўзроўняў вам трэба будзе знайсці код, напісаны недзе побач з месцам, зашыфраваным у заданні. Дзякуючы коду вы зможаце перайсці на наступны этап.
Гульня індывідуальная. Найлепшыя гульцы атрымаюць сувеніры ад Hrodna.life. Пяцёрка найлепшых — таксама ад праекта Grodno.en.cx.