Па стане на 22 ліпеня каранавірусам заразіліся 66 521 беларусаў, ачунялі і выпісаныя 59 061 пацыентаў. 513 чалавек з пацверджаным COVID-19 памерлі, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

За апошнія суткі ў Беларусі выявілі 173 новых выпадкаў (у папярэднія дні - 135 і 118), паводле афіцыйных звестак, памерлі 6 чалавек, 469 пацыентаў паправіліся. Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, каранавірус ў Беларусі цяпер афіцыйна дыягнаставаны ў 6947 чалавек.

За перыяд распаўсюджвання каранавіруса ў Беларусі правялі 1 209 400 тэстаў. За апошнія суткі было зроблена 7186 тэстаў.

Што значаць лічбы Ярмошынай

Сёння на пасяджэнні ЦВК Лідзія Ярмошына, спасылаючыся на дадзеныя Міністэрства аховы здароўя, агучыла, што каля 41 тысячы беларусаў з’яўляюцца кантактамі першага ўзроўню, або заражаныя COVID-19 і на карантыне, не лічачы тых, хто лечыцца ў бальніцах. Абапіраючыся на гэтыя дадзеныя, ЦВК паменшыў колькасць назіральнікаў на выбарах да пяці чалавек на ўчастак.

Пазней прэс-служба Міністэрства аховы здароўя патлумачыла, што гэтыя дадзеныя тычацца асоб, якія на сённяшні дзень знаходзяцца пад усімі відамі медыцынскага назірання.

У гэтую групу ўваходзяць:

  • інфікаваныя COVID-19 пацыенты (у тым ліку якія знаходзяцца ў стацыянарах),
  • кантакты першага ўзроўню (якія не хварэюць, але знаходзяцца на хатнім каранціне),
  • кантакты другога ўзроўню,
  • грамадзяне, якія вярнуліся з краін з неспрыяльнай эпідсітуацыяй.

Міністэрства аховы здароўя заклікала беларусаў устрымацца ад выездаў за межы краіны ў рэгіёны з неспрыяльным становішчам па каранавірусе. Летам павялічылася колькасць тых, каму неабходна знаходзіцца пад медыцынскім наглядам у сувязі з наведваннем краін, дзе актыўна рэгіструюцца выпадкі COVID-19, адзначылі ў ведамстве.

Ці ехаць на адпачынак?

Лукашэнка на адкрыцці паліклінікі ў Гомелі 21 ліпеня паабяцаў, што ўсе, хто прыязджаае, будуць знаходзіцца на каранціне 10 дзён за свой кошт, піша Оnliner. Цяпер тэрмін самаізаляцыі пры вяртанні з «праблемных» краін складае 14 дзён.

— Ніякіх заморскіх паездак. Мы вас стрымліваць не будзем. Хочаце ў Чорнае мора, калі ласка, у Міжземнае мора, Індыйскі акіян, на Канары, Балі, Гоа, у Тайланд, калі ласка, едзьце. Але па вяртанні рыхтуйцеся сесці на каранцін за ўласны кошт. Мы вас будзем трымаць на карантыне прыкладна 10 дзён, рыхтуйцеся. Спецыялісты мне падкажуць, якое рашэнне прымаць, — звярнуўся Лукашэнка да жыхароў Гомеля. — Паберажыце сябе, як звычайна, старых. Мыйце рукі, твар, хадзіце ў лазню, выпівайце ўвечары па 100 грам, пасля лазні, будзьце на свежым паветры. Жывіце як людзі, але будзьце акуратныя.

У прэс-службе Міністэрства аховы здароўя Onliner распавялі, што пакуль не плануюцца нейкія змены па скарачэнню тэрміну самаізаляцыі для прыбылых з неспрыяльных краін. На дадзены момант гаворкі аб скарачэнні тэрміну самаізаляцыі да 10 дзён не ідзе.

У агульнай складанасці цяпер самаізаляцыю не трэба выконваць тым, хто прыбыў з 52 краін. У тым ліку з курортных Турцыі, Грузіі, Албаніі, Балгарыі, Грэцыі, Італіі, Мальты, Чарнагорыі, Харватыі і Румыніі. Сярод суседзяў гэта Літва, Латвія, Польшча і Расія. Пасля прыезду з Украіны, з адпачынку ў Іспаніі, Індыі, Тайландзе, на Канарскіх выспах, Балі, Філіпінах, трэба трымацца самаізаляцыі.

Хроніка каранавіруса ў Гродне