На папулярную інтэрнет-пляцоўку для зваротаў да чыноўнікаў Petitions.by ўжо тыдзень вядуцца хакерскія атакі, паведамілі 16 ліпеня яе прадстаўнікі ў Facebook. Невядомыя спрабуюць узламаць сайт і падабраць паролі карыстальнікаў.

Адміністратары сайта пішуць, што «трымаюць абарону», але просяць карыстальнікаў памяняць паролі. Гэта датычыць тых, хто ствараў уліковы запіс на самім сайце, а не рэгістраваўся праз сацыяльныя сеткі. З якіх адрасоў і кім вядзецца атака, не паведамілі.

Petitions.by дазваляе скласці зварот і сабраць пад ім подпісы рэальных жыхароў Беларусі — для падпісання петыцыі трэба ўвесьці нумар тэлефона, які, у сваю чаргу, прывязаны да пашпарта. На звароты з сайта чыноўнікі абавязаныя даць адказ у вызначаны тэрмін, напамінае «Радыё С**бода». Цяпер на сайце, напрыклад, збіраюць подпісы за вяртанне вернікам Чырвонага касцёла ў Менску (ужо звыш 1000) і за перанос фізічнага пуску БелАЭС (звыш 2500 подпісаў).

Чыноўнікі далі адказ, напрыклад, на звароты пра выкарыстанне беларускай мовы на чыгуначных квітках, на прапанову стварыць у Гродне газоны-кветнікі (але іх так і не стварылі).

Часам, праўда, чыноўнікі не адказваюць на петыцыі. Так адбылося з нашай просьбай зрабіць таблічкі раскладу гарадскога транспарта больш зручнымі.