13 ліпеня Гродзенскі абласны суд разгледзеў скаргу Васіля Баброўскага на рашэнне суда Ленінскага района ад 29 чэрвеня. Суддзя Мікалай Рачынскі скаргу не задаволіў, паведамляе harodniaspring.org.

Васіль Баброўскі праходзіць па крымінальнай справе, пачатай на Сяргея Ціханоўскага і яго паплечнікаў пасля 29 траўня. Акрамя гэтага, супраць яго Ленінскім РАУС Гродна была пачатая адміністрацыйная справа.

29 чэрвеня суддзя Руслан Гурын сваёй пастановай засудзіў Васіля Баброўскага па двух пратаколах агулам да дзесяці сутак адміністрацыйнага арышту. На Баброўскага склалі два пратаколы па арт. 17.1 (хуліганства) і арт. 23.4 (супраціў работнікам міліцыі). Атрымалася чацвёра сутак па першым пратаколе і шэсць — па другім.

Васіля Баброўскага, як і Уладзіміра Навуміка, адпусцілі з СІЗА ў Мінску 9 ліпеня пасля 42 дзён зняволення. Ім было прад’яўленае абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Ім змянілі меру стрымання з заключэння пад варту на падпіску аб нявыездзе.

Васіль Баброўскі 29 траўня на Савецкай плошчы апынуўся выпадкова — перасаджваўся на транспарт і затрымаўся.

«…я не быў палітычна актыўным. Зрабілі мяне такім. Захацелі зрабіць героем, — распавядае Hrodna.life Васіль Баброўскі. — Адпусцілі нечакана. Не патлумачылі чаму. Я наогул не думаў, што траплю туды, ды і наогул, за што мяне туды забіраць? Усё нармальна, цяпер галоўнае з сям’ёй убачыцца. У зняволенні ёсць час падумаць. За гэтыя дні прачытаў тры кнігі. Задумаўся пра жыццё: што зрабіў, а чаго яшчэ не».

«Ішоў па торт — прыйшоў на Валадарскага». Палітвязні з Гродна вярнуліся дадому

Што адбылося ў Гродне ў дзень візіта Ціханоўскага?

У Гродне затрымалі палітычных актывістаў. Увечары 29 траўня на пікеце падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбыўся інцыдэнт, у выніку якога блогера Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго прыхільнікаў затрымала міліцыя. Сярод затрыманых — сябра ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў. Удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага апазналі ў сацсетках.

Затрыманні працягнуліся на наступны дзень. 30 траўня затрымалі актывіста Мікалая Саляніка, які днём раней вёў перамовы з кіраўніцтвам міліцыі і спрабаваў даведацца, за што быў затрыманы і дзе знаходзіцца Ціханоўскі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў спіс затрыманых у Гродне. Частку з іх перавезлі ў Мінск.

Гэта не спыніла ініцыятыўную групу Ціханоўскай. Афіцыйна было заяўлена, што падчас інцыдэнту пацярпеў міліцыянт. Узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Нягледзячы на ​​гэта, на наступныя дні да пікету Святланы Ціханоўскай выстраіліся чэргі — людзі стаялі, каб аддаць подпіс, нават пад дажджом.

Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі вязьнямі.

У выніку пад удар патрапілі і выпадковыя людзі. Увечары 29 траўня ў сацсетках пачалося цкаванне выпадковага чалавека, якога прынялі за супрацоўніка органаў у цывільным, які ўдзельнічаў у затрыманні ў Гродне. У дзяржаўных СМІ з другога боку пачалося цкаванне 81-гадовай пенсіянеркі Галіны Філіпаўны, якая падчас стрыму з Савецкай плошчы выказалася супраць Лукашэнкі і ў падтрымку Ціханоўскіх. Пенсіянерку Станіславу Дамшэль, якая 29 траўня таксама была на Савецкай, абвінавацілі ў дробным хуліганстве, але яна не пусціла міліцыю да сябе дадому. Выпадковыя людзі былі і сярод затрыманых на плошчы.