Гродзенскаму актывісту Ежы Грыгенчу 13 ліпеня ў судзе Ленінскага раёна прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту з адтэрміноўкай за ўдзел у акцыі «Ланцуг салідарнасці».
Судзілі Грыгенчу па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Сведкамі на судзе выступалі супрацоўнікі АМАПу. 19 чэрвеня яны бачылі Ежы на вуліцы Маставой каля драмтэатра. Супрацоўнікі праваахоўных органаў палічылі, што актывіст стаяў у «Ланцугу салідарнасці» і лаяўся матам.
Сам Грыгенча не згодны з рашэннем суда і лічыць, што судзяць яго па надуманай справе — хочуць прыбраць перад выбарамі.
«Я не ўдзельнічаў у масавым мерапрыемстве, — распавядае Грыгенча. — Я сябра ініцыятыўнай групы Ганны Канапацкай, я павінен быў збіраць подпісы ў той дзень. Ішоў у краму „Сувораўскі“, хацеў купіць каўбасы. Праходзіў міма акцыі, вітаўся з людзьмі. Ну, а як мне яшчэ было прайсці праз мост? Пераплысці Нёман? На судзе копія пратаколу была не падпісаная, няма прозвішчаў сведак. Незразумелае відэа паказалі. Маё меркаванне: яны ведаюць, што гэта палітычны працэс і ў іх быў гатовы прысуд. Супрацоўнікі міліцыі ўжо не хочуць хадзіць у суды, нават не падпісваюць дакументы. Знахабіліся, проста аддаюць недапрацаваныя справы ў суды, а нас за гэта судзяць. Так не павінна быць».
Чытайце таксама: Анна Канопацкая приехала в Гродно поддержать в суде активиста
Праваабаронца Раман Юргель з Беларускага Хельсінкскага Камітэта быў на судзе. Яго таксама здзівілі недапрацоўкі ў справе.
«Грыгенча — каардынатар і сябра ініцыятыўнай групы аднаго з прэтэндэнтаў. Паводле выбарчага кодэкса, ён на законных падставах збіраў подпісы і нічога не парушаў. Такая несуразмернасць пакарання кажа пра тое, што камусьці яго грамадская актыўнасць псуе зводкі. Беларусь ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, павінна выконваць арт. 19 і арт. 21 (свабода выказвання меркавання і свабода мірных сходаў) і даваць права сваім грамадзянам карыстацца сваімі грамадзянскімі і палітычнымі свабодамі. І пагрозу нацыянальнай бяспецы і грамадскаму парадку ўдзельнік выбарчай кампаніі ўжо ніяк не мог прадстаўляць», — адзначыў Раман Юргель.
Што за акцыя пратэсту?
У Гродне 19 чэрвеня, а 19:00 пачалася акцыя салідарнасці з вязнямі. Людзі расцягнуліся ланцугом ад дома Мураўёва на Савецкай плошчы да філармоніі. Машыны, што праязджалі міма, актыўна сігналілі. Усяго ў ланцугу стаяла каля 600 чалавек. Пазьней акцыі паўтараліся, але ўжо не былі такімі масавымі.
Ежы Грыгенча — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У 2019 годзе яго судзілі за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі з Расіяй, у 2017 — за ўдзел у Маршах недармаедаў.