Раіса Дзікевіч сышла на бальнічны 2 красавіка. Першапачаткова думалі, што бранхіт, так і лячылі. Але жанчыне станавілася ўсё горш і горш, і 13 красавіка яна трапіла ў рэанімацыю. Далей былі медыкаментозны сон, тры тыдні на апараце ШВЛ і пяць пераліванняў плазмы. «Лекары і родныя ўжо ні на што не спадзяваліся, я цудам выжыла», — распавядае Onliner.by жанчына, якая да гэтага часу аднаўляецца ад наступстваў COVID-19.

З Раісай Уладзіміраўнай Onliner.by размаўляў па тэлефоне, так як яна да гэтага часу практычна не выходзіць з хаты і не прымае гасцей. Жанчыне 56 гадоў, і да хваробы яна працавала на Лідскай абутковай фабрыцы. Па яе словах, як толькі у Беларусі пачалася эпідэмія, старалася асабліва ні з кім не кантактаваць.

Фота мае ілюстрацыйны характар

— У мяне быў маршрут «дом — праца — магазін — дом», і ўсё. Дзе я гэты вірус магла падхапіць, зусім незразумела, — тлумачыць лідчанка і перыядычна пакашлівае. — Мяне пыталіся, можа, я з дальнабойшчыкамі камунікавала або з тымі, хто з-за мяжы прыехаў. Ды ні з кім. І дзеці два тыдні былі на самаізаляцыі — ва ўсіх тэсты адмоўныя. І паўторна ў іх бралі, усё добра. І да мамы я ў сакавіку ездзіла, у яе потым таксама мазок бралі. 76 гадоў, а аналіз адмоўны.

На бальнічны я пайшла 2 красавіка. Але да гэтага два тыдні адчувала слабасць. Слабасць была такая, што ў адну з рабочых субот я нават адпрасілася дадому адлежвацца, так было дрэнна. А вось тэмпературы не было. Толькі апетыт знік.

Фота з асабістага архіва

У паліклініцы Раісе Уладзіміраўне зрабілі флюараграфію, але на ёй ніякіх праблем з лёгкімі не ўбачылі і сталі лячыць жанчыне бранхіт. У суботу, 11 красавіка, ёй стала так дрэнна, што давялося выклікаць хуткую.

 — Я задыхалася, не магла есці, рот увесь сцягнула ад сухасці, — успамінае яна. — Нейкіх праблем з цукрам у крыві ў мяне да гэтага не было, глюкометра дома таксама. Папрасіла лекараў памераць узровень цукру, глядзім — 25 (норма — да 5. — Прым. Onliner). У бальніцы мяне спачатку паклалі ў звычайную палату тэрапеўтычнага аддзялення. Хоць мне ўжо было вельмі цяжка дыхаць. Ляжаць я не магла і на ноч нават спаць не клалася, а сядзела. Так да раніцы панядзелка, 13 красавіка, і праседзела.

«Я цудам выжыла. Калі б не плазма, не ведаю, што са мной было б»

У панядзелак лідчанцы зрабілі рэнтген, і высветлілася, што ў яе двухбаковая зліўная пнеўманія — гэта разнавіднасць хваробы, пры якой дробныя ачагі ў лёгкіх зліваюцца ў больш буйныя. 13 красавіка яе перавялі ў рэанімацыю і падключылі да кіслароду, а ўжо 16 красавіка тэст паказаў, што ў Раісы Уладзіміраўны COVID-19.

 — Дзесьці пяцёра сутак я была на кіслародзе. Нас перавезлі ў роддом, які быў абсталяваны пад інфекцыйную бальніцу. У мяне сітуацыя не паляпшалася, таму 18 красавіка мяне вырашылі падключаць да ШВЛ, — кажа яна. — Я не вельмі памятаю, як падключалі. Проста ўкалолі укол — і я заснула. Апошняе, што памятаю перад гэтым: нейкі лекар у масцы падышоў да мяне са словамі «Вы вельмі цяжкая». І ўсе. Як потым дачка распавядала, у шыю мне паставілі спецыяльную трубку, праз якую я дыхала, а кармілі мяне праз зонд.

Фота: pulmonologyadvisor.com

Далей было тры тыдні барацьбы за жыццё. Каранавірус пабіў сэрца, лёгкія, ныркі і іншыя органы жанчыны. Лекары не давалі ніякіх прагнозаў, а на пытанні сваякоў казалі: «Спадзявайцеся на цуд».

«Под COVID-19 оборудовали роддом». Что говорят о коронавирусе в Лиде?

— Дачка мая даведалася пра тое, што хворым каранавірусам дапамагае пераліванне плазмы, і стала настойваць, каб працэдуру зрабілі і мне, — распавядае Раіса Уладзіміраўна. — Першапачаткова лекары не вырашаліся, але пасля кансіліуму з Гродна вырашылі рабіць. Я была першай у Лідзе, каму пералілі плазму з антыцеламі. Мне зрабілі тры пераліванні — вынік быў нулявы, ніякіх паляпшэнняў. Дзецям лекары сталі казаць, што надзеі няма. Але потым вырашыліся яшчэ на два пераліванні.

Пятая порцыя плазмы, як казалі лекары, была настолькі моцна насычаная антыцеламі, што яны там ледзь не кішэлі. Пасля яе 9 траўня я стала дыхаць самастойна.

Ужо пазней лідчанка даведалася, што ўсе пяць порцый плазмы былі ад пяці розных людзей з яе групай крыві. Яна спрабавала даведацца, хто выратаваў ёй жыццё, каб аддзячыць, але не выйшла: гэта медыцынская таямніца.

 — Таму хачу праз вас падзякаваць усім, хто здаваў кроў для дапамогі хворым каранавірусам. Дай Бог вам усім здароўя! Я цудам выжыла. Калі б не плазма, не ведаю, што са мной было б, — усхвалявана кажа Раіса Уладзіміраўна. — Дзякуючы вам я стала святкаваць другое нараджэнне.

«Мне і неўролаг, і ўсе лекары сказалі, што патрэбен час. Аднаўленне вельмі цяжкае»

Пасля таго як лёгкія пацыенткі задыхалі, яе паволі пачалі выводзіць з медыкаментознага сну. На гэта сышло некалькі дзён. Як усё адбывалася, яна амаль не памятае.

 — Усё як у тумане, як прачыналася і як сябе адчувала, не памятаю выразна. Напэўна, трохі ў трызненні была, — успамінае лідчанка. — Прачнулася я знясіленая: за час хваробы схуднела на 18 кілаграмаў. З рэфлексамі ўсё добра, з галавой таксама, толькі мышцы перасталі нармальна працаваць. Я ні лыжку трымаць, ні ваду адкрыць, ні падняцца не магла. Мяне з лыжачкі кармілі, дапамагалі сесці.

Выпісалі Раісу Уладзіміраўну 19 траўня. Дадому жанчыну ўздымалі на насілках: яна ўсё яшчэ была вельмі слабая.

«Нам всё говорили: „Рано — ждите“». Как в Лиде от коронавируса умер 36-летний мужчина

— Дачка ўзяла адпачынак і цэлы месяц выходжвала мяне, — распавядае яна. — Першы час хадзіць не магла — ні да туалета, ні да ваннай, ні на кухню. Потым я платна прайшла 11 сеансаў масажу і па ледзь-ледзь пачала ўставаць і хадзіць з хадункамі.

Затым 12 дзён Раіса Уладзіміраўна была ў абласной псіханеўралагічнай бальніцы «Астроўля» на рэабілітацыі. Пасля яе, кажа, стала мацнейшай і ўжо цяпер па кватэры стараецца перасоўвацца без хадункоў. Але пакуль спусціцца па лесвіцы з пятага паверха не можа — максімум на адзін пралёт. Аб вяртанні на працу пакуль нават не думае.

— Я да гэтага часу на бальнічным, мне яго падоўжылі яшчэ на месяц. Яшчэ ёсць агульная слабасць і кашаль, — жанчына пакашлівае ў трубку. — Перад рэабілітацыяй у бальніцу «Астроўля» рэнтген паказаў, што пнеўманія яшчэ не рассмакталася, сказалі, што такі стан можа быць да паўгода.

Таму пакуль трэніруюся па лесвіцы хадзіць па ледзь-ледзь, лекаў вельмі шмат прымаю, інгаляцыі кожны дзень раблю, гімнастыку. Мне і неўролаг, і ўсе лекары сказалі, што патрэбен час. Да канца месяца зноў УГД сэрца зрабіць і флюараграфію, спіраграму, глядзець, як лёгкія дыхаюць, а там будуць вырашаць, што са мной рабіць.

Аднаўленне вельмі цяжкае. Дачка ездзіла ў камандзіроўку ў салігорскі санаторый «Бярозка» і бачыла там людзей, якія перахварэлі каранавірусам. Яны бегаюць, спускаюцца ў шахты ўсе. Ды і ў нас на фабрыцы хварэлі калегі, так усё ўжо на працу выйшлі. А ў мяне не ўсё так проста.

Больш за ўсё цяпер Раіса Уладзіміраўна марыць нарэшце адужэць і паехаць да Мамы ў вёску на прастор і свежае паветра. А пакуль застаецца толькі выходзіць на балкон, вырашаць сканворды і выконваць рэкамендацыі ўрачоў.

— Спадзяюся, хутка выйду, вельмі стараюся, таму што хочацца аднавіцца. Лета, а ты сядзіш на пятым паверсе ў гэтых сценах, — уздыхае яна. — Маральна цяжка. Вось так надоўга мяне гэты вірус скасіў. Што там далей будзе, не ведаю. Я плакала, што такая бездапаможная, а потым супакоілася. Жыць жа трэба, раз мне Бог даў такі шанец. Значыць, трэба мацавацца. Спадзяюся на лепшае.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 6 жніўня ў Беларусі пацверджана 68 503 выпадкі каранавіруса, ачунялі 63 756 пацыентаў, памёрлі 580 чалавек.

Хроніка каранавіруса ў Гродне