Ежы Грыгенчу будуць судзіць 13 ліпеня за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве «Ланцуг салідарнасці», якое прайшло ў Гродне 19 чэрвеня.
30 чэрвеня на грамадска-палітычнага актывіста склалі пратакол па ч. 3 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Санкцыі артыкула прадугледжваюць штраф у ад 20 да 50 базавых велічынь (540−1350 рублёў) або адміністрацыйны арышт.
«Я яшчэ не даваў ніякіх паказанняў, распавяду пра ўсё ў судзе. Працэс адкрыты, таму запрашаю гродзенцаў паглядзець, як у нас працуе правасуддзе», — распавёў Грыгенча Hrodna.life.
Судзіць гродзенца будуць у судзе Ленінскага раёна 13 ліпеня. Пачатак у 10:00.
Што гэта за акцыя, за якую судзяць Ежы Грыгенчу?
У Гродне 19 чэрвеня, а 19:00 пачалася акцыя салідарнасці з вязнямі. Людзі расцягнуліся ланцугом ад Дома Мураўёва на Савецкай плошчы да філармоніі. Машыны, што праязджалі міма, актыўна сігналілі. Усяго ў ланцугу стаяла каля 600 чалавек. Пазней акцыі паўтараліся, але ўжо не былі такімі масавымі. На апошняй акцыі затрымалі шэсць чалавек. Над імі ідуць суды.
Ежы Грыгенча — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У 2019 годзе паводле таго ж артыкулу яго судзілі за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі з Расіяй, у 2017 — за ўдзел у Маршах недармаедаў.