У Беларусі на 6 ліпеня зарэгістраваныя 63 804 (+250) чалавека са станоўчым тэстам на COVID-19, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

Ачунялі і выпісаныя 51 120 пацыентаў (+249), у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19. Памерлі 429 (+6) пацыентаў з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй.

Усяго праведзена 1 074 240 тэстаў.

Новым загадам Міністэрства аховы здароўя ад 1 ліпеня № 690 аб лячэнні пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй удакладнена, каго з COVID-19 будуць класці ў бальніцу.

Па новым загадзе шпіталізаваць у бальніцу будуць у такіх выпадках:

1) сярэднецяжкай і цяжкай плыні COVID-19 (або падазрэнні на яе) пры наяўнасці фактараў рызыкі і/або неабходнасці прызначэння леку гідраксіхларахін;

2) вострага рэспіраторнага дыстрэс-сіндрому з інфекцыяй COVID-19.

Раней, па папярэднім загадзе № 615 ад 5 чэрвеня 2020 года, у бальніцы шпіталізавалі пацыентаў з пнеўманіяй з інфекцыяй COVID-19 (або падазрэннем на інфекцыю COVID-19) або вострым рэспіраторным дыстрэс-сіндромам з інфекцыяй COVID-19. Пры гэтым ступень цяжару плыні пнеўманій у спалучэнні з COVID-19 не ўдакладнялася.

Згодна з новым загадам пацыентам з сярэднецяжкай формай COVID-19 без фактараў, абцяжваючых працягу пнеўманіі, медыцынская дапамога можа аказвацца на хаце пры забеспячэнні дынамічнага назірання.

Што такое «сярэднецяжкая форма каранавіруса»?

Пад сярэднецяжкай формай каранавіруснай інфекцыі маецца на ўвазе сітуацыя, калі ў чалавека няцяжкая пнеўманія і гаворка ідзе пра паразу ніжніх дыхальных шляхоў, пры гэтым няма дыхальнай недастатковасці і прыкмет парушэння ўнутраных функцый органаў, захавана свядомасць, няма затарможанасці, частата дыхальных рухаў не больш за 22 у хвіліну, частата сардэчных скарачэнняў не менш за 55 і не больш за 110 удараў у хвіліну, няма болю ў грудной клетцы і крывахаркання, працэнт насычэння крыві кіслародам не менш за 95, сісталічны артэрыяльны ціск вышэй 90 мм рт. сл. Таксама важныя пэўныя параметры ў аналізе крыві.

Да сярэднецяжкай плыні каранавіруснай інфекцыі таксама адносіцца сітуацыя, калі ў чалавека ВРВІ з тэмпературай вышэй за 38,5 градусы, кашлем, слабасцю і ліхаманкава-інтаксікацыйным сіндромам.

Што абцяжарвае плынь пнеўманіі?

Фактарамі, якія абцяжарваюцьплынь пнеўманіі ў пацыентаў з інфекцыяй СОVID-19, лічыцца ўзрост пацыента, большы за 55 гадоў і наяўнасць хоць бы аднаго з пералічаных спадарожных захворванняў: марбіднага атлусцення (індэкс масы цела большы або роўны 40), цукровага дыябету, хранічнай кардыёваскулярной паталогіі з сардэчнай недастатковасцю, хранічнай паталогіі лёгкіх (бранхіяльнай астмы, хранічнай абструктыўная хваробы лёгкіх, бронхаэктатычнай хваробы, мукавісцідозу), злаякасных наватвораў, захворванняў, якія лечаць імунасупрэсіўнымі, глюкакартыкоіднымі лекамі, трансплантацыі салідных органаў або касцявога мозгу, ВІЧ, туберкулёзу, вірусных гепатытаў, онкагематалагічных і сістэмных захворванняў злучальнай тканіны.

Нагадаем, што ў новым загадзе таксама прапісана, каго цяпер пры планавай шпіталізацыі ў бальніцу будуць тэставаць на COVID-19. Напрыклад, гэта адносіцца да тых, каго чакае планавая аперацыя і ў каго няма сімптомаў ВРВІ.