Навіны

«Сусед перамог». Бар «Куба» ў Гродне закрываецца і не плануе пераезду

Бар «Куба» ў Гродне запрашае наведвальнікаў на развітальную вечарыну 27 чэрвеня. Бар зачыняецца з-за абмежавання працы да 23.00. Прычына — канфлікт з суседзямі, якія пастаянна выклікалі міліцыю і скардзіліся на шум. Уладальнікі «Кубы» звярталіся ў гарвыканкам, аблвыканкам, МАРГ і суд, але абмежаванне пакінулі. Пераезд у бары не плануюць — няма гарантыі, што на новым месцы не здарыцца такі ж канфлікт.

Што адбылося?

Канфлікт з суседзямі пачаўся з канца 2017 года. Тады перыядычна выклікалі міліцыю і казалі пра шум. У адной кропцы на Калючынскай, 12 знаходзіліся бары «Cuba», «Cloud», «Малако» (зачыніўся з-за таго ж канфлікту у 2019 годзе). Пазней побач з’явіліся «Hookah», «Greenwich», таксама там знаходзіцца моладзевы цэнтр «Гродна». Наведвальнікі маглі выйсці пакурыць, падыхаць свежым паветрам, пагутарыць.

Чытайце падрабязней: «С таким режимом работы нас ждет банкротство». Бар «Куба» может закрыться из-за запретов городских властей

— Асабліва не разбіраліся, хто шуміць: чые наведвальнікі і ці наогул гэта былі наведвальнікі. Калючынская — вельмі прахадная вуліца. Мігруюць натоўпу людзей у «Hookah», «Greenwich», «маладзёжку». Адсюль можна пайсці на Маставую, дзе ёсць яшчэ адзін «ланцужок» бараў. Маглі прад’яўляць тое, што прыязджаюць таксі і шумяць. Але таксі заязджалі і пад «Правінцыю» і пад маладзёжны цэнтр —
там адзіны выезд, — распавядае Hrodna.life Анастасія, адно з трох уладальнікаў бара «Куба».

У бар прыязджала санстанцыі для замеру ўзроўню шуму, ён не перавышаў норму.

Суседзі напісалі скаргу ў гарвыканкам

У 2019 годзе некалькі жыхароў з дома па вул.Калючынскай, 12 і дома насупраць напісалі калектыўную скаргу ў Гродзенскі гарвыканкам. Пасля гэтага адбылася сустрэча жыхароў, прадстаўнікоў трох бараў і прадстаўнікоў гарвыканкама. Вынікам стала часовае абмежаванне працы да 23.00.

У трох бараў службы МНС, санстанцыі і РАУС знайшлі шэраг недахопаў накшталт няправільных пажарных інструкцый або няправільнай вентыляцыі. З імі бары маглі працаваць да 23.00. Каб працаваць пасля гэтага часу, трэба было іх выправіць.

У бары «Куба» за два тыдні выправілі недахопы: зрабілі пажарныя інструкцыі, павесілі новыя камеры вонкавага назірання.
Галоўнай умовай было заключэнне дамовы з Дэпартаментам аховы. Два ахоўнікі прыязджалі ў дні, калі бар працаваў да 2.00: чацвер, пятніцу, суботу. У бары кажуць, што гэта біла па кашальку: выходзіла 1500 рублёў за 12 дзён у месяц. Яны прынеслі ўсе дакументы ў гарвыканкам і ім дазволілі працаваць пасля 23.00.

Але сусед не здаваўся

У ранейшым рэжыме бар працаваў каля месяца. Пасля ім прыйшоў ліст, у якім сказалі, што бар абмяжоўваюць у працы да 23.00 канчаткова — сусед зноў паскардзіўся ў міліцыю.

Уладальнікі бара напісалі скаргі ў аблвыканкам і ў МАРГ на тое, што іх неправамерна абмяжоўваюць ў часе працы. МАРГ адказаў, што ён орган выканаўчы, а не заканадаўчы і не можа адмяніць рашэнні гарвыканкама. Там параілі звярнуцца ў аблвыканкам.

У аблвыканкаме скаргу разглядалі двойчы і адмовілі. Пасля гэтага ўладальнікі бара ў сакавіку 2020 года звярнуліся ў суд. У пазове адмовілі. «Перамог сусед, — кажа ўладальнік бара Hrodna.life. — З прайграным судом, з адмовамі ад аблвыканкама і з абмежаваннем працы ад гарвыканкама мы жывем па графіку да 23.00 штодня».

«Як дамовіцца? Адкаты рабіць?»

 — Калі бар толькі адкрыўся больш за сем гадоў таму і я проста хадзіла ў гэты бар, мы з сябрамі прыходзілі ў 6 гадзін вечара. Гэта была хоць нейкая гарантыя, што мы зможам сесці. У 7 ужо можна было толькі пастаяць. Цяпер народ збіраецца ў барах каля 10-й вечара. Што можна зарабіць з 22.00 да 23.00?

Дамовіцца з суседам у бары не спрабавалі.

 — Многія абвінавачвалі нас у тым, што мы не пайшлі з суседам дамаўляцца. Тое ж раілі ў гарвыканкаме. А што яму, адкаты рабіць? Прэзенты, залатую карту ў бар — як дамовіцца? Мы хацелі дамовіцца па законе. Па законе не выйшла, — кажа Hrodna.life Анастасія.

«Адказнасць за банду людзей, якія любяць гэтае месца»

У бары «Cuba» ёсць тры ўладальнікі. Яны працуюць у IT. Бар быў для іх хутчэй хобі. Па словах Анастасіі, склалася шмат фактараў, з-за якіх яны вырашылі зачыніцца: рашэнні ўладаў, уладальнікі стаміліся ад пастаянных штрафаў і пастаяннага стрэсу і барацьбы, «здарылася» пандэмія каранавіруса.

 — Мы доўга ўсё неслі проста таму, што бар для нас не сродак даходу, а нейкае хобі. І адказнасць за банду людзей, якія любяць гэтае месца. Сярод нашых наведвальнікаў ёсць пласт творчых людзей, шмат разумных, цікавых, розных наведвальнікаў. Шкада тых людзей, якія цяпер раздзіраюць наш інстаграм, «дырэкт», асабістыя паведамленні, названьваюць мне, нашым бармэнам. Мне шкада сябе — я хаджу ў гэты бар з самага адкрыцця. Я не бачу альтэрнатывы. У нас ёсць месцы ў горадзе — але такога няма.

Да таго ж, гэта працоўныя месцы, падаткі, развіццё сярэдняга бізнесу, кажа Наста Hrodna.life.

«Пераезд не вырашыць праблему»

Пераехаць уладальнікам бара раілі і ў гарвыканкаме.

 — Мы знаходзімся ў самым цэнтры горада. Мы павінны пераехаць куды? У спальнай раён? Можа, па-іншаму павінна быць? У цэнтры горада павінна бурліць жыццё, бізнес, грамадскае харчаванне? А людзі павінны адпачываць у спальных раёнах?

А калі выбіраеш жыллё ў цэнтры горада — для чаго яго выбіраеш? Калі б я купіла кватэру ў цэнтры горада, я б, напэўна, хацела жыць у эпіцэнтры «двіжняка».

Каб адкрыцца ў іншым месцы, патрэбныя вялікія грошы і рэсурсныя выдаткі: правесці камунікацыі, прайсці зноўку ўсе службы, зрабіць рамонт. Самае галоўнае — гэта не выключае паўтарэння канфлікту, кажа Анастасія.

 — А калі заўтра праз адзін дом з’явіцца яшчэ адзін такі сусед, што будзе? Усё па крузе? Мы прыйдзем у гарвыканкам і нас так жа абмяжуюць? Мы разумеем, што мы не абаронены ніякім чынам.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024