Актывіста Яўгена Амплеева затрымалі падчас акцыі салідарнасці 20 чэрвеня. Яго зацягнулі ў мікрааўтобус людзі ў цывільным, калі ён адыходзіў ад сваёй машыны на Савецкай плошчы. Актывіст прасядзеў у РАУС тры гадзіны, пасля чаго яго адпусцілі. Пратакол затрыманьня не складалі.

Яўген падчас акцыі падыходзіў да сваёй машыны каля 19.30 у суботу, 20 чэрвеня. Ён быў апрануты ў майку «Страна для жизни». Аўтамабіль быў прыпаркаваны каля дома Мураўёва, паміж двума фудтракамі. Амплееў заўважыў, што каля яго сядзяць пяць чалавек, якія хаваюць сваю знешнасць. «Былі бачныя толькі вочы: кепкі, твар закрыты чымсьці накшталт банданы. У красоўках, ва ўсім чорным». Праз дарогу каля дома Мураўёва сядзеў чалавек, апрануты гэтак жа.

— Падышоў, адкрыў машыну. Гляджу — яны замітусіліся, пачалі тэлефанаваць камусьці, падыходзіць бліжэй да машыны. Я выйшаў з машыны, пад’ехаў таніраваны бус. Аказалася, «амапаўскі». І ўсё — я зачыніў машыну, пачаў сыходзіць. Яны мяне пачалі пераследваць. Я крыху паскорыў крок. І яны мяне затрымалі. Павалілі спачатку на траву, потым за рукі і за ногі занеслі ў бус. Шэсць чалавек у бус заносіла, — распавёў Амплееў Hrodna.life.

У мікрааўтобусе Яўген пацікавіўся, што ён парушыў і хто яго затрымаў. Яму не адказалі і ў сваю чаргу спыталіся, чаму ён пачаў уцякаць. «Я сказаў, што, па-першае, не ўцякаў, па-другое, вы калі затрымліваеце, то хаця б назваліся б, падышлі б, паказалі б пасведчанні. А то схапілі - восем чалавек акружылі». Яму пачалі пагражаць, што дадуць 15 сутак. Затым папракалі: «Маўляў, дрэнна жывецца, прэзідэнт не падабаецца?»

«За пераход вуліцы ў неналежным месцы таксама будуць з АМАПам заламваць?»

Яўгена прывезлі ў РАУС Ленінскага раёна. Гэта ён зразумеў, калі яго вывелі з мікрааўтобуса. Везлі яго, нахіліўшы і трымаючы долу галаву, каб ён не глядзеў на твары і на дарогу.

У РАУС яму сказалі, што «хтосьці прыедзе і будзе дапытваць». У выніку ніхто не прыехаў, дапытваў маёр, які знаходзіўся на месцы. Яму задалі два пытанні: кім ён з’яўляецца ў тэлеграм-чаце «Гродно для жизни» і ці заклікаў ён каго-небудзь выходзіць на Савецкую плошчу або плошчу Леніна. Яўген адказаў міліцыі, што раней ён быў адміністратарам у тэлеграм-чаце, зараз проста ўдзельнік, а на плошчу ён нікога не заклікаў.

Калі з’ехалі тыя, хто затрымліваў, маёр сказаў Амплееву, што яго затрымалі па падазрэнні ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння. «На што я абурыўся, кажу: так можа цяпер за пераход вуліцы ў неналежным месцы таксама будуць з АМАПам заламваць пасярод плошчы?» У якім менавіта адміністрацыйным правапарушэнні яго падазраюць, Яўгену не патлумачылі, спасылаючыся, на тое, што не ведаюць.

Пратакол затрымання на Амплеева не складалі. Падпісаць нічога не прасілі. Сказалі пасядзець тры гадзіны ў кабінеце, па заканчэнні якіх ён сышоў. Пры затрыманні ён страціў тапкі, а тэлефона пры сабе ў яго не было. Каб не ісці пешшу басанож, ён папрасіў выклікаць яму таксі. Супрацоўнікі РАУС гэта рабіць адмовіліся. Дапамаглі людзі, якія знаходзіліся ў аддзяленні.

«Магчыма, стараліся запалохаць»

— Нават не разумею, для чаго гэта зрабілі. Магчыма, яны хацелі мой тэлефон захапіць, таму што думалі, што я з’яўляўся адміністратарам (тэлеграм-чата «Гродно для жизни», у якім паведамляюць аб правядзенні акцый салідарнасці - Hrodna.life). Можа, хацелі канал знішчыць, — разважае Яўген. Тэлефона ў яго пры сабе не было — яго не прагледзелі.

Альбо хацелі запалохаць, кажа Яўген Hrodna.life. «Каб людзі спалохаліся, што ўсіх на роўным месцы бяруць, каб баяліся выходзіць». Сам Амплееў кажа, што страху не адчуў.

«Не адчуваю я страху. Проста непрыязнасць да гэтай сістэмы яшчэ больш узмацняецца і яшчэ больш хочацца яе зламаць і неяк усё памяняць».

Яўген не збіраецца пісаць скаргу на затрыманне, таму што лічыць гэта немэтазгодным.

Праваабаронца: затрыманы можа напісаць скаргу ў РАУС і пракуратуру

— З юрыдычнага пункту гледжання міліцыя мае права на тры гадзіны затрымаць кожнага грамадзяніна, які падазраецца ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння. Але мы разумеем, што гэта затрыманне — палітычна-прэвентыўнае, — лічыць Уладзімір Хільмановіч, праваабаронца з цэнтру «Вясна».

У дадзеным выпадку затрыманы можа напісаць скаргу на беспадстаўнае затрыманне на імя начальніка РАУС. Можна паралельна напісаць скаргу ў пракуратуру.

— Гэтым абмяжоўваецца магчымасць дамагчыся, каб супрацоўнікам міліцыі вынеслі папярэджанне або пакаралі іншым чынам. Я думаю, што шанцаў дасягнуць гэтага няма, таму што ў нашай праваахоўнай сістэме рацыя заўсёды за супрацоўнікамі міліцыі, а не грамадзянамі, якіх часта беспадстаўна затрымліваюць.

Чытайце таксама: