“ГардСервіс” пашырае сферу паслуг. Зараз іх супрацоўнікі маюць права прымяняць зброю. Гэта зыходзіць з указа № 227, які падпісаў Аляксандр Лукашэнка.
Цяпер “ГардСервіс” можа захоўваць і перадаваць сваім работнікам службовую і грамадзянскую зброю і боепрыпасы да яе для выканання службовых абавязкаў. “ГардСервіс” абавязаны паведамляць у МУС аб заключэнні і спыненні дагавораў аб аказанні ахоўных паслуг. Дакумент апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Правы работнікаў “ГардСервіс”
Работнікі “Гардсервіс” павінны: з’яўляцца грамадзянамі Беларусі, праходзіць праверку ў органах унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі, а таксама адпавядаць патрабаванням, устаноўленым для работнікаў ваенізаванай аховы.
Пры выкананні службовых абавязкаў яны маюць права на нашэнне, захоўванне, прымяненне і выкарыстанне службовай і грамадзянскай зброі, спецыяльных сродкаў і фізічнай сілы ў парадку, устаноўленым заканадаўствам для работнікаў ваенізаванай аховы.
Чым займаецца “ГардСервіс”?
“ГардСервіс” займаецца аховай аб’ектаў і маёмасці, прыёмам сігналаў трывогі сістэм ахоўнай і трывожнай сігналізацыі і рэагаваннем на гэтыя сігналы, перавозкай і аховай маёмасці, суправаджэннем тавараў і транспартных сродкаў, праектаваннем, мантажом, наладкай і тэхнічным абслугоўваннем сродкаў і сістэм аховы.


