Гродзенскія рыбакі 13 чэрвеня паведамілі аб масавым моры рыбы ў Нёмане. Яны называюць здарэнне «экалагічнай катастрофай» і пішуць пра магчымасць траплення ў ваду атрутных рэчываў.
Мёртвая рыба стала з’яўляцца вечарам 12 чэрвеня, да раніцы наступнага дня яе стала больш. Рыбакі паведамляюць, што бачылі на Нёмане сінія плямы.
«Кожны год у адзін і той жа час у нас на Нёмане мор рыбы — уся на паверхні, — распавядае рыбак Валерый. — З чым гэта звязана, ніхто не ведае. Але гэта не з-за спякоты, дакладна. Вада ў Нёмане ўвесь час прахалодная, рыбам хапае кіслароду. Мне здаецца, хтосьці хімікаты злівае ў Нёман, і з-за гэтага масава гінуць рыбы і ракі».
Мёртвую рыбу бачылі ў розных месцах: і ў цэнтры горада, і ў раёне ратавальнай станцыі «Ласосна» (пляж каля БХМД), і вышэй плаціны ГЭС.
Вось такія фота размясцілі ў групе «Рыбалка в Гродно» Вконтакте рыбакі.
Некаторыя рыбакі лічаць, што мор рыбы звязаны з пачаткам сезоннай апрацоўкі палёў. Нібыта, хімікаты пасля дажджоў патрапілі ў Нёман.
«У Нёмане гіне ўся рыба ад малька да трафейных асобнікаў, тых жа чырванакніжных усачоў. Кіслароднае галаданне выключана, вада не прагрэлася вышэй за 20 градусаў. Мабыць, раку атруцілі», —
напісаў Аляксей Якубовіч у групе «Рыбалка в Гродно».
Hrodna.life звяртаўся з пытаннямі пра мор рыбы ў Гродзенскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Гарадскую і раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама ў грамадскае аб’яднанне «Экаманіторынг». Яны высвятляюць прычыну здарэння і пакуль не каментуюць сытуацыю: без вынікаў аналізаў вады рабіць высновы рана. Вядома, што прадстаўнікі камітэта і інспекцыі выязджалі на месца, бо да іх паступалі скаргі.