На пляцоўцы на скрыжаванні вуліц Савецкіх пагранічнікаў, Транспартнай і Гарнавых рыхтуюцца да ўзвядзення будынка. Там у другой палове 2020 года з’явіцца першы ў Гродне рэстаран “Mcdonald’s”.
Ва ўстанове раней абяцалі сучасны экалагічны інтэр’ер, інавацыйныя тэхналогіі, дзіцячую пляцоўку з горкай і гульнявыя планшэты, кругласутачны «МакДрайв» і іншыя магчымасці.
Таксама будуць працаваць электронныя кіёскі для замовы, прадугледжана і рэстараннае абслугоўванне за столікамі. Разам з “Mcdonald’s” у Гродна прыйдзе і “МакДоставка”.
Інвестыцыі ў будаўніцтва і абсталяванне складуць каля двух мільёнаў долараў, а з’яўленне рэстарана створыць больш за 120 працоўных месцаў. “Mcdonald’s” абяцае супрацоўнікам пры поўнай занятасці зарплату вышэй сярэдняй.
“Mcdonald’s” ідзе ў Гродна ўжо шэсць гадоў
Размовы аб прыходзе ў Гродне сеткі “Mcdonald’s” вядуцца з 2014 года. Пад рэстаран ужо планавалі як мінімум тры лакацыі: участак на Дубко-Пушкіна каля Дэпартамента аховы, пустка каля фабрыкі марожанага на Гарнавых. Хадзілі чуткі і пра тое, што «Mcdonald’s» хоча адкрыць Станіслаў Сямашка ў сваім новым апарт-гатэлі на Калючынскай.
“Mcdonald’s” з’явіцца ва ўсіх абласных цэнтрах краіны
“Mcdonald’s” – амерыканская карпарацыя, якая працуе ў сферы грамадскага харчавання, да 2010 года найбуйнейшая ў свеце сетка рэстаранаў хуткага харчавання, якая працуе па сістэме франчайзінгу. У Беларусі на чэрвень 2020 года налічваецца 18 рэстаранаў. Летась прадстаўнікі кампаніі абяцалі, што Mcdonald’s з’явіцца ў кожным абласным горадзе Беларусі, піша T*T.BY.










