Навіны

«Абудзіла гарадзенцаў». Як людзі падтрымалі пэнсіянэрку, дасье на якую старшыня КДБ насіў Лукашэнку

Кветкі, прысмакі, візыты суседзяў, тэлефанаваньні з Амэрыкі і тысячы камэнтароў у сеціве — знаёмыя і незнаёмыя беларусы сталі на бок пэнсіянэркі Галіны Андрэйчык з Горадні, якую ўлады пачалі шальмаваць пасьля ейных словаў у стрыме Сяргея Ціханоўскага, піша С**бода.

Як «бабуля» стала зоркай інтэрнэту і тэлебачаньня

На 82-м годзе жыцьця Галіна Філіпаўна праславілася на ўсю краіну.

Пэнсіянэрка не чакала, што некалькі слоў на пікеце так зьменяць яе цяперашняе жыцьцё

Усё пачалося 29 траўня, калі яна паехала на пікет для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую на Савецкай плошчы ў Горадні. Нечакана да яе падышоў блогер Сяргей Ціханоўскі і падчас свайго стрыму пагаварыў зь ёй. Невысокая сівая жанчына з кавенькамі казала пра развал краіны. Яна назвала блогера «сынком», а той прытуліў яе да сябе.

«В 94-м слушала здесь же Лукашенко». 81-летняя Галина Филипповна растрогала людей на встрече с Тихановским

4 чэрвеня пэнсіянэрку ў сваёй прамове згадаў Аляксандар Лукашэнка, не назваўшы імя. Ён адзначыў, што гарадзенка «крычала і гарлала», а ейны дом назваў «палацам».

«Палац» Галіны Філіпаўны

У той жа дзень Галіну Філіпаўну паказалі ў вечаровым выпуску БТ. Заадно расказалі пра ўсё, што яна мае: катэдж на 350 «квадратаў», кватэру ў цэнтры Горадні, «дзьве недабудаваныя фазэнды», мікрааўтобус-трохгодку «мінімум за 25 тысяч даляраў». «Палац», дзе гарадзенка жыве зь сям’ёй, паказалі з дрона на ўсю краіну. Праўда, сама гераіня сюжэту даведалася пра гэта толькі пасьля эфіру — расказалі знаёмыя.

5 чэрвеня жанчына расказала шэрагу незалежных мэдыя, адкуль у яе грошы, а ейны сын правёў экскурсію па «фазэндах». Галіна Андрэйчык — вэтэран працы, мае стаж 52 гады, выкладала эканамічную тэорыю ва ўнівэрсытэтах. З будоўляй дома ёй дапамагалі сваякі з Аўстраліі, якія эмігравалі туды пасьля апошняй вайны. Сын раней працаваў прадпрымальнікам, цяпер — праграмістам. Адна «фазэнда» аказалася замарожанай будоўляй без аддзелкі, другая — падмуркам лазьні.

Пенсионерка из Гродно ответила Лукашенко и БТ

6 чэрвеня тэлеканал АНТ расказаў, што дасье на «бабулю», якая мае «два дамы на адной тэрыторыі», трапіла на стол да кіраўніка краіны ад старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Валера Вакульчыка.

«Бедалажка», — пакпіў з пажылой жанчыны генэрал-лейтэнант.

«Бедолажка?» КГБ показал досье на 81-летнюю бабушку из Гродно, которая поддержала Тихановского

Хто стаў на бок Галіны Філіпаўны

Паралельна з гэтымі падзеямі ў онлайне і офлайне разгарнулася спантанная кампанія падтрымкі Галіны Філіпаўны.

Гарадзенка чытае камэнтары пад публікацыямі пра яе

Толькі ў сацыяльных сетках С**боды пад публікацыямі пра Галіну Філіпаўну людзі пакінулі тысячы аднадушных камэнтароў. Пераважная большасьць — словы падтрымкі.

«Моладзь ганарыцца і раўняецца на яе», «Не павінна гэтая бабуля апраўдвацца. Гэта нармальна — мець дом у 81, і ня толькі дом. Чаму БТ Дразды не паказвае?», «Разумная, выхаваная, адукаваная жанчына», «Галіна Філіпаўна! Павага вам і нізкі паклон! Мы з вамі! Здароўя вам і радасьці! Дзякуй за шчырыя словы!» — гэта малая доля таго, што пісалі інтэрнэт-карыстальнікі.

Большасьць людзей пішуць, каб падтрымаць яе і сям’ю

Калі Галіна Філіпаўна сказала, што ад яе пасьля ўсяго адвярнуліся нават суседзі, чытачы і гледачы С**боды захацелі яе наведаць. На выходных прыяжджала маладая пара Максім і Алена зь Менску. Неўзабаве яны маюць пажаніцца. Ехалі па вясельных справах і пазнаёміцца з «бабуляй». Прывезьлі кветкі, торт, пасядзелі разам за гарбатай.

«Казалі, што ім ужо ўсё абрыдла, што больш мірыцца яны ня могуць і жыць так ня могуць», — кажа пэнсіянэрка.

Кветкі ад Максіма і Алены

Прыходзілі ў госьці прадпрымальнікі, муж з жонкай, што жывуць побач, дзякавалі за мужнасьць, за тое, што «абудзіла гарадзенцаў, абурылася». Дзяліліся, што ім весьці сёньня бізнэс таксама цяжка. Яны па адукацыі эканаміст і юрыст, прапанавалі пэнсіянэрцы дапамагчы кансультацыяй пры патрэбе.

Завітаў былы выкладчык катэдры выяўленчага мастацтва горадзенскага ўнівэрсытэту Ўладзімер Мікалаевіч, цяпер ён на пэнсіі. Падарыў гаспадыні кветкі.

«Яна шчодры чалавек. Па ёй відаць. Яна чалавек вельмі прыстойны, высокамаральны… Я заўжды стараўся падтрымліваць такіх людзей. Я мяркую, што тое, што яна сказала, — ня толькі яе асабістая думка. Так думае і большасьць беларусаў, і я ў тым ліку. Наша народ мае права абіраць прэзыдэнта, а не цярпець дзясяткамі гадоў адзін і той жа твар», — сказаў С**бодзе Ўладзімер Мікалаевіч.

Дом гарадзенкі повен букетаў, якія нагадваюць, што яна не адна

Пазваніла даўняя знаёмая Лілія Ўладзімераўна, якая мае інваліднасьць і ня можа самастойна прыйсьці. Яны знаёмыя з Галінай Філіпаўнай каля 40 гадоў.

«Яны цудоўныя людзі, працаўнікі, заўсёды прыходзілі на дапамогу… У яе характар надта адкрыты, шчыры, просталінейны… У яе абвостранае пачуцьцё справядлівасьці. Галіну Філіпаўну я падтрымліваю ў тым сэнсе, што варта мяняць уладу ў нашай краіне», — сказала С**бодзе Лілія Ўладзімераўна, якая ніколі не галасавала за Аляксандра Лукашэнку.

Маладая гарадзенка, якая захацела застацца ананімнай, таксама прыехала днямі да Галіны Філіпаўны з кветкамі і слодычамі.

«Дзякуй вам. Вы такая цудоўная. Я пра вас думала некалькі дзён, вельмі хацелася пазнаёміцца… Не зьвяртайце на гэта ўвагі. Такога быць не павінна. Ва ўсіх краінах заўжды, ва ўсіх культурах сталыя, пажылыя людзі — самыя паважаныя. Іх лічаць мудрацамі зь вялізным жыцьцёвым досьведам. Іх заўжды паважалі, цанілі», — зьвярнулася да Галіны Філіпаўны госьця.

Галіна Філіпаўна надалей перажывае за ўсіх затрыманых

Сама Галіна Філіпаўна, хоць спачатку перажывала, ці не арыштуюць яе, працягвае цікавіцца навінамі пра ўсіх затрыманых па «справе Ціханоўскага», пытаецца, «калі выпусьцяць Сярожу», і чакае, што будзе далей.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024