Новости

«Гродна Азот» вяртаецца да працы па пяцідзёнцы. «Каб не бегалі па пікетах»

«Гродна Азот» вяртаецца да пяцідзённага працоўнага тыдня пасля больш чым месяца чатырохдзёнкі. На прадпрыемстве гэта патлумачылі паляпшэннем сітуацыі па збыце прадукцыі і планавымі рамонтамі. У незалежным прафсаюзе — з надыходзячымі выбарамі.

«З панядзелка [15 чэрвеня] мы вяртаемся да пяцідзённай працоўнага тыдня. Сітуацыя паляпшаецца. Адбываюцца змены на мэтавых рынках збыту нашай прадукцыі. Унутраны рынак у асноўным задаволіў свае патрэбы. Мы сталі больш працаваць на знешнія рынкі. Сусветная эканоміка пачынае працаваць, аднаўляюцца эканамічныя сувязі, прыходзяць запыты і замовы. І мы пачынаем паціху працаваць», — расказалі Naviny.by на гродзенскім прадпрыемстве.

Акрамя таго, «Гродна Азот» прыступае да планавых рамонтаў, таму «трэба выводзіць людзей». Калi прыбытак у прадпрыемства будзе расці, гэта адаб’ецца на заробках у бок іх павышэння, сказалі ў ААТ «Гродна Азот».

Крызіс сбыту

На фоне каронакрызісу найбуйнейшы вытворца азотных мінеральных угнаенняў і капралактаму сутыкнуўся з праблемамі пры збыце прадукцыі. Спажыўцы істотна знізілі попыт на іх.

Чытайце таксама: COVID-19 і «Гродна Азот»: чаму прадпрыемства блытаецца ў колькасці заражэнняў?

«Сёння практычна адсутнічае попыт на капралактам, бо па вялікім рахунку сёння нікога не цікавіць сыравіна, вытворцы нацэлены на выпуск канчатковага прадукту з максімальным дабаўленым коштам. Таму на прадпрыемстве знізілася вытворчасць капралактаму, які ў цяперашні час увесь перапрацоўваецца ў поліамід, а поліамід — па ланцужку ў поліамідную прадукцыю. Але попыт знізіўся і на яе», — расказваў унутрызаводскаму радыё «Голас хіміка» намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы і фінансах ААТ «Гродна Азот» Зміцер Гарошка.

Паводле яго слоў, адсутнасць рынкаў збыту і самыя нізкія кошты за ўвесь перыяд працы галіны вымусілі прадпрыемства ісці на непапулярныя меры. У сакавіку былі выдадзены загады, згодна з якімі персаналу падаваўся адпачынак з частковым захаваннем заработнай платы ў памеры 100% або 2/3 тарыфнай стаўкі ў залежнасці ад вытворчай загрузкі і рэжыму работы структурных падраздзяленняў.

У выніку, як расказваў намеснік генеральнага дырэктара па кіраванні персаналам, сацыяльных пытаннях і ідэалагічнай працы ААТ «Гродна Азот» Рамуальд Барсук, у красавіку 3609 чалавек былі адпраўленыя ў адпачынак па ініцыятыве наймальніка, у траўні - 3019 чалавек. Усяго на прадпрыемстве на пачатак гэтага года працавала амаль 7,5 тысячы чалавек.

Эканамічная сітуацыя не паляпшалася, і кіраўніцтва «Гродна Азот» прыняло рашэнне ўсталяваць няпоўны працоўны тыдзень. З 18 красавіка шэраг работнікаў перавялі на чатырохдзёнку. Дадзенае рашэнне закранула ў першую чаргу персанал, задзейнічаны на выпуску капралактаму.

Што кажа прафсаюз

У сярэднім на гэтай вытворчасці зарабляюць каля 1400 рублёў, распавёў Naviny.by старшыня першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу ААТ «Гродна Азот» Андрэй Ханевіч. Паводле яго слоў, з-за чатырохдзёнкі рабочыя страцілі прыкладна пятую частку свайго заробку.

«Па-любому людзям гэта не спадабалася, але я б не сказаў, што яны моцна наракаюць, таму што яны пакуль толькі адзін раз атрымалі зарплату, працуючы на ​​чатырохдзёнцы. Калі б гэта падоўжылася даўжэй…», — сказаў Андрэй Ханевіч. На яго думку, вяртанне да пяцідзёнкі, хутчэй за ўсё, звязана з выбарамі, бо стан спраў на прадпрыемстве за апошні час не палепшыўся.

«За гэты час нічога не памянялася. Вытворчасць капралактаму як была нерэнтабельнай, так і засталася. Я мяркую, што гэта звязана з выбарамі. Каб людзі хадзілі на працу, а не бегалі па пікетах. Я мяркую, калі выбары скончацца, мы, напэўна, зноў пойдзем на чатырохдзёнку», — сказаў старшыня прафсаюзнай суполкі на «Гродна Азот».

У цэлым, паводле яго слоў, за апошнія гады заробкі на «Гродна Азот» моцна ўпалі. Калі сем гадоў таму рабочыя атрымлівалі тысячу даляраў, цяпер сярэдні заробак не дацягвае да шасьцісот даляраў. Па гэтай прычыне, распавёў Андрэй Ханевіч, шмат хто з’язджае на заробкі ў Расію, Украіну, Польшчу, Літву. Асабліва гэта тычыцца моладзі. Згодна з справаздачнасцю «Гродна Азот», у параўнанні з пачаткам 2013 года сярэдняспісачная колькасць працоўных на прадпрыемстве скарацілася на 3,4 тысячы чалавек.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024