У Яндэкс.Таксі ў Беларусі запрацавала тэхналогія аўтаматычнага маніторынгу хуткасці руху машын. Гэта ўласная распрацоўка сэрвісу. Яна запусцілася ў Мінску і ўсіх абласных цэнтрах, пазней з’явіцца ў іншых гарадах.
Калі кіроўца выконвае заказ сэрвісу Яндэкс.Таксі, тэхналогія з дапамогай GPS адсочвае яго дарожны трэк і вызначае хуткасць руху. Дадзеныя параўноўваюцца з дазволенай хуткасцю на канкрэтным участку дарогі з дапамогай Яндэкс.Навігатара, які выкарыстоўваецца для пабудовы маршрутаў.
Кіроўцу могуць часова «забаніць»
Калі кіроўца перавышае дапушчальную хуткасць, сістэма папярэджвае яго пра гэта праз дадатак кіроўцы Таксометр. Тэхналогія ўлічвае магчымыя перашкоды з сігналам, уключаючы нечаканыя змены каардынатаў, і ўмее адсякаць такія анамаліі. Пасля некалькіх папярэджанняў алгарытм часова абмяжоўвае доступ кіроўцы да заказаў сэрвісу, а ў выпадку паўтору парушэнняў — назаўжды.
І гэта працуе!
Яндэкс.Таксі тэставала гэтую тэхналогію ў красавіку-траўні гэтага года ў Мінску, Віцебску, Гомелі і Гродне. Вынікі паказалі, што 78,2% кіроўцаў, якія сістэматычна перавышалі хуткасць, паставіліся да папярэджанняў уважліва і спынілі гэта рабіць ужо пасля другога паведамлення.
Летась сэрвіс таксама ўвёў у Беларусі ўласнае бясплатнае страхаванне жыцця і здароўя пасажыраў і вадзіцеляў. Кожны чалавек, які знаходзіцца ў машыне падчас паездкі, дадаткова застрахаваны на суму да 10 тысяч еўра.