Бліжэй да вечара 8 чэрвеня на платформе molamola.by з’явілася абвестка пра збор сродкаў на дапамогу сям'і лідскага лекара Паўла Палейчыка. Літаральна за суткі для яго сабралі 18 160 рублёў.
На момант публікацыі фельчара лідскай хуткай падтрымалі грашыма 1273 чалавекі.
«Мне, фельдшеру ССМП, Палейчику Павлу, не продлили контракт в связи с моей активной гражданской позицией. 9 июля последний день работы в Лидской ЦРБ. Всем, кто неравнодушен и желает помочь, я и моя семья будем благодарны», — напісана ў абвестцы аб зборы.
Што здарылася
Паўлу паведамілі пра звальненне пасля таго, як ён адбыў сем сутак арышту за ўдзел у стрыме з Ціханоўскім. Праз месяц, 9 ліпеня, у яго сканчаецца пяцігадовы кантракт, і новы заключаць не будуць.
«Паведамілі без тлумачэння прычыны. Месяц дапрацоўваю, і ўсё. Кіраўніцтва сказала: пасядзіш дома, падумаеш», — дзеліцца доктар.
За гады, што фельчар працаваў у бальніцы, у яго была толькі адна вымова. Яму трэба было адвезці бацьку ў паліклініку, таму Павел адпрацаваў паўзмены і папрасіў іншага калегу падмяніць яго. Але кіраўніцтва палічыла гэта за прагул.
Ён збіраўся і далей працаваць на «хуткай», але куды пайсці цяпер, не ведае.
На стрыме ў блогера Сяргея Ціханоўскага Павел выказаўся пра эпідэмію ў горадзе і сітуацыю ў бальніцы.
Чытайце таксама: Фельчар хуткай дапамогі з Ліды: сітуацыя нашмат горшая за афіцыйныя звесткі
Павал кажа, што калегі яго вельмі падтрымліваюць і напісалі калектыўны ліст да кіраўніцтва у яго абарону. Падпісалася каля 70 чалавек. У Лідскай ЦРБ працуе доктарам-рэаніматолагам жонка Палейчыка — ён непакоіцца, што ў яе таксама могуць пачацца праблемы, піша euroradio.fm. Цяпер яна ў дэкрэтным адпачынку.