С**бода сустрэла Паўла Палейчыка ля лідзкага ІЧУ і даведалася пра ўражаньні ад першай у жыцьці адседкі.

Фэльчар Павал Палейчык быў затрыманы ўвечары 7 траўня, калі, пасьля працоўнай зьмены на хуткай дапамозе, прыйшоў у лідзкі РУУС на тэлефонны выклік. Супрацоўнік міліцыі паказаў Паўлу пратакол аб удзеле ў недазволенай масавай акцыі 22 красавіка, калі ў Ліду прыяжджаў блогер Ціханоўскі. А пасьля паведаміў, што дадому фэльчар сёньня ўжо ня трапіць.

«Мне пазванілі, сказалі прыбыць у Лідзкі РУУС для дачы тлумачэньняў наконт сходу (22 красавіка падчас сустрэчы з блогерам Ціханоўскім. — РС), — расказвае Павал. — Усё, я пайшоў. І адтуль я ўжо ня выйшаў. Той супрацоўнік, які складаў пратакол на мяне, сам жа і паведаміў — начальнік загадаў пакідаць мяне «на суткі».

Павал выходзіць з ізалятара
Павал выходзіць з ізалятара

Паводле Паўла, у пратаколе аб правапарушэньні было напісана, што ён удзельнічаў у масавым сходзе, арганізаваным без дазволу райвыканкаму.

«Я ня тое каб зьдзівіўся, — кажа фэльчар. — Але калі загадалі здымаць матузкі, разгубіўся крыху. Вось гэтага я не чакаў. Кажу ім, вы мяне хоць на працу адвядзіце, каб я пераапрануўся. Я ж у форме хуткай быў. Не пасьпеў пераапрануцца пасьля працы. Мяне адвялі на падстанцыю нашу. Я адтуль ужо пасьпеў жонцы пазваніць, што на суткі забіраюць».

Абдымкі з жонкай Юліяй
Абдымкі з жонкай Юліяй

Суд над Паўлам адбыўся на наступны дзень — 8 траўня

«Я спадзяваўся, што штраф заплачу, і ўсё, — кажа Павал. — Калі абвясьцілі, што сем сутак арышту, разгубіўся. Я першы раз у такой сытуацыі. Упершыню ў жыцьці. Раней толькі як сьведка быў. Штрафы меў за курэньне ў пад’езьдзе, за перавышэньне хуткасьці. Але каб так… Мяне трэсла. Першыя тры дні ўвогуле цяжка было».

«Гэта рэальна страшна». Асуджаны на «суткі» лідзкі фэльчар выйшаў на волю

Павал Палейчык расказвае, што частку тэрміну адседзеў з сукамэрнікам — іх трымалі па двое ў адной камэры. Усіх «палітычных», асуджаных у Лідзе (5 чалавек. — РС), трымалі асобна.

«Гэта рэальна страшна». Асуджаны на «суткі» лідзкі фэльчар выйшаў на волю

«Калі цябе абмяжоўваюць ва ўсім, гэта рэальна страшна, — расказвае пра свае ўражаньні ад „сутак“ фэльчар. — Там няма ніякіх умоваў, усё дрэнна. Дзе ясі, там і гадзіш. Спачатку я з адным чалавекам сядзеў, потым чатыры дні адзін быў у камэры. У апошні дзень мяне перавялі ў іншую камэру, дзе быў асуджаны таксама. У камэрах ужо ведалі, што мы „палітзьняволеныя“. Паўлу Анціпкіну далі 15 сутак (яшчэ адзін затрыманы за ўдзел у стрыме Ціханоўскага. — РС), у яго чацьвёра дзяцей, як ён будзе? Я б ня ведаю, як вытрымаў, калі б не мая жонка».

«Гэта рэальна страшна». Асуджаны на «суткі» лідзкі фэльчар выйшаў на волю

Пасьля арышту Паўла і іншых удзельнікаў лідзкай сустрэчы Ціханоўскага ў інтэрнэце для арыштаваных літаральна за суткі сабралі некалькі тысяч рублёў. Праваабаронцы накіравалі інфармацыю аб затрыманьні лідзкага фэльчара ў СААЗ.

«Вельмі ўдзячны за падтрымку, за лісты, — кажа Павал. — Чатыры лісты атрымаў. Усе дзякуюць за праўду. За тое, што не баяўся расказаць. Зь Менску, са Смаргоні, два зь Ліды. Я зусім ня ведаю, што адбывалася гэтыя сем дзён. Там поўная ізаляцыя, на вуліцу ня выйсьці нават. Гэта вельмі няправільна. Сем дзён у камэры — гэта вельмі жорстка. Хаця б хвіліну ў дзень далі дзецям пазваніць. Што са мной зараз будзе, я ня ведаю. Хачу пабыць зь сям’ёй, са сваімі дзецьмі».

«Гэта рэальна страшна». Асуджаны на «суткі» лідзкі фэльчар выйшаў на волю