Канфлікт у гродзенскім дзіцячым хоспісе, які пагражаў спыніць валанцёрскую дапамогу медыкам, вырашыўся. У сітуацыю ўмяшаўся старшыня гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой, піша «Радыё С**бода».
Найбуйнейшая валанцёрская пляцоўка, дзе шыюць засцерагальныя сродкі, аказалася пад пагрозай закрыцця. Валанцёры раней працавалі на базе Гродзенскага дзіцячага хоспіса ў майстэрні людзей з інваліднасцю. За месяц там пашылі каля 700 камбінезонаў. Усё бясплатна перадавалі медыкам.
19 траўня намеснік галоўнага лекара Гродзенскай цэнтральнай гарадской паліклінікі Алег Перагарулька прапанаваў майстэрні з’ехаць у іншае месца, бо яна перашкаджае паліклініцы, у якой месціцца хоспіс. Пераязджаць майстэрні не было куды.
Чытайце таксама: Шоперы з супрэматычным прынтам. Як гэта выглядае і хто іх шые
На наступны дзень пра сітуацыю даведаўся старшыня Гродзенскага гарвыканкаму Мечыслаў Гой. Ён прыехаў у хоспіс і паабяцаў валанцёрам пляцоўку з безбар’ерным асяроддзем, бясплатна. Прапанавалі памяшканне ў лесапарку Пышкі, зрабілі там рамонт.
Як паведаміла каардынатарка майстэрні людзей з інваліднасцю Святлана Пінчук, яны ўжо пераехалі ў новае памяшканне. Цяпер даводзяць яго да ладу, прыбіраюць, перавозяць мэблю. І ўжо зноў шыюць ахоўныя камбінезоны.
Гродзенскі дзіцячы хоспіс працуе і надалей па ранейшым адрасе.
Паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 11 лютага ў Беларусі пацверджана 263 551 выпадак каранавіруса (1692 за апошнія суткі), ачунялі і выпісаны 252 068 (1990 за апошнія суткі) пацыентаў, памёрлі 1820 чалавек (9 за апошнія суткі).