Па стане на 6 чэрвеня ў Беларусі афіцыйна пацвердзілі 47 751 выпадак каранавіруса, паведамляе Міністэрства аховы здароўя. Ачунялі і выпісаныя 23 015 пацыентаў, 263 чалавекі з выяўленым раней COVID-19 памерлі.

За апошнія суткі дыягнаставалі 883 новыя выпадкі COVID-19, па афіцыйных звестках памерлі 4 чалавекі, 949 пацыента выпісалі.

З пачатку распаўсюджвання каранавіруса ў Беларусі праведзена 609 671 тэстаў. За апошнія суткі - 12 658 з іх 7% выявіліся станоўчымі.

На спад захворванне COVID-19 пайшло ў Мінску, Мінскай і Віцебскай абласцях, паведаміла намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан 5 чэрвеня, піша T*T.BY.

5 чэрвеня Сусветная арганізацыя аховы здароўя апублікавала новыя рэкамендацыі адносна нашэння ахоўных масак. Яны сталі больш строгімі. Цяпер у раёнах з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй СААЗ рэкамендуе насіць маскі ўсім медыкам ва ўсіх аддзяленнях бальніц і паліклінік, а не толькі тым, хто працуе з каранавірусам.

Маскі трэба насіць людзям, старэйшым за 60 гадоў і тым, хто знаходзіцца ў групе рызыкі, — там, дзе фізічнае дыстанцыяванне немагчыма.

Урадам СААЗ рэкамендуе заахвочваць нашэнне масак для ўсіх там, дзе шырока распаўсюджана перадача, а фізічнае дыстанцыяванне абцяжарана: у грамадскім транспарце, у крамах ці ў іншых абмежаваных або перапоўненых памяшканнях.

Маскі з тканіны (шматразовыя) павінны складацца як мінімум з трох слаёў розных матэрыялаў.

Раней СААЗ рэкамендавала нашэнне масак тым, хто захварэў, і кантактным асобам пры неабходнасці выйсці з хаты, а таксама тым, хто даглядае за хворымі.

Генеральны дырэктар СААЗ Тэдрас Аданам Гебрэесус нагадаў, што толькі маскі не абароняць ад COVID-19, яны карысныя як частка комплекснага падыходу ў барацьбе з інфекцыяй.

Хроніка каранавіруса ў Гродне