У гродзенскіх тралейбусах 29 траўня з’явіліся аб’явы пра неабходнасць выконваць масачны рэжым. Тралейбуснае ўпраўленне размясціла іх пасля рэкамендацыі аблвыканкама. Такія ж меры будуць выконваць у іншых грамадскіх месцах горада.

«Паважаныя пасажыры! Пры праездзе ў грамадскім транспарце ў абавязковым парадку неабходна выконваць масачны рэжым!» — сказана ў аб’яве на тралейбусах. Пакуль гэта рэкамендацыя, распавёў Hrodna.life дырэктар прадпрыемства Віктар Шарэйка. Караць за адсутнасць масак ці не пускаць без сродкаў абароны ў тралейбус не будуць.

Аб’явы з’явіліся пасля рашэння рабочай групы па мінімізацыі распаўсюджвання COVID-19 у аблвыканкаме. 28 траўня ў тралейбусным упраўленні атрымалі пратакол рашэння. За ноч інфармацыю вывесілі на тралейбусах.

Гродзенцы павінны будуць насіць маскі ў грамадскіх месцах: транспарце, крамах, рэстаранах і кафэ, вынікае з пратаколу. У дакумента ёсць тэрміны выканання. Віктар Шарэйка іх не раскрывае. Аргументацыі, чаму менавіта цяпер уводзіцца масачны рэжым, па словах дырэктара, у пратаколе не было.

Надзяваць маску трэба будзе і перасоўваючыся на міжгародніх аўтобусных маршрутах, гарадскіх маршрутах і таксі. У масцы прыйдзецца хадзіць і ў краму, аптэку, на пошту і ў банкі. Рабочая група рэкамендавала прыняць такія ж меры ў райвыканкамах.

Аблвыканкам таксама ўказаў забяспечыць пальчаткамі ўваходы ў гандлёвую залу. Рэкамендуюць абмежаваць колькасць кліентаў у крамах, грамадскім харчаванні, аптэках, аддзяленнях банкаў і на пошце з улікам выканання мер сацыяльнага дыстанцыявання, паведамляе grodnonews.by.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане 10 верасня ў Беларусі пацверджана 73 591 выпадак каранавіруса (189 за апошнія суткі), ачунялі 72 203 пацыенты, памёрлі 732 чалавекі (6 за апошнія суткі).

Хроніка каранавіруса ў Гродне

Пішу пра людзей з інваліднасцю, актывістаў, палітыкаў і дабрачыннасць.