З улікам эпідсітуацыі эпідэміёлагі настойліва рэкамендуюць жыхарам Гродна і Гродзенскага раёна выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай абароны. Перш за ўсё, гэта выкарыстанне маскі. Маска можа быць медыцынская, павязка можа быць бытавой, але прызначэнне яе адно — выкананне бар’ернай функцыі, распавяла «Гродна Плюс» Ірына Тупік, намеснік галоўнага ўрача Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

 — І медыцынскія маскі, і бытавыя павязкі сваю функцыю выконваюць. Бар’ерную функцыю, ахоўную. Усё ж такі яны абараняюць нашу слізістую ад траплення ўзбуджальніка віруса. Вірус настолькі кантагіозны — з аднаго боку, з другога боку — вельмі шмат носьбітаў віруса бессімптомных, гэта значыць мы з вамі не ведаем, у асяроддзі каго мы знаходзімся ў закрытых прасторах, — кажа Ірына Тупік.

У Іўі Гродзенскай вобласці 26 траўня ўвялі масачны рэжым. Гэта значыць, што ў месцы масавага збору людзей, да прыкладу, у магазін, без масак уваход строга забаронены. Праз два дні перадумалі: ранейшы артыкул, апублікаваны 26 траўня, быў скарэкціраваны: «абавязковае нашэнне масак» цяпер заменена на «рэкамендаванае».


Чытайце таксама: У тралейбусах Гродна ўвялі масачны рэжым. Хутка так будзе ва ўсіх грамадскіх месцах


У Гродне да масачнага рэжыму «ўшчыльную падышлі», паведамляе «Плюс Плюс». Пакуль спецыялісты толькі рэкамендуюць насіць маскі пры кожным наведванні месцаў масавага збору. У абслугоўванні ў краме, калі пакупнік без маскі, не адмовяць. Але інфармацыйныя аб’явы нагадваюць аб неабходнасці насіць маску і выконваць дыстанцыю.