У эфіры тэлеканала «Беларусь 1» паказалі сюжэт пра затрыманне Сяргея Ціханоўскага і некалькіх гродзенцаў падчас збору подпісаў.
Блогера назвалі «шырока вядомымі ў вельмі вузкіх колах зборшчыкам подпісаў». Яшчэ з першых хвілін збор подпісаў перарос у мітынг, а праводзіць на дадзеным этапе выбарчай кампаніі агітацыю забаронена. На пытанні выбаршчыкаў блогер адказаць не мог, распавёў вядучы «Беларусь 1».
Чытайце падрабязнасці: Блогер Сяргей Ціханоўскі затрыманы ў Гродне
«Такая манера зносін з людзьмі перарасла ў бойку. Міліцыя апынулася ў эпіцэнтры бойкі, якую зладзілі на плошчы. Адзін з супрацоўнікаў міліцыі падвергнуўся нападу», — сказаў вядучы.
Далей ідуць кадры, на якіх відаць, як жанчына настойліва ходзіць за Ціханоўскім і паўтарае, што хоча задаць яму пытанне. Разам з ёй да яго падыходзяць супрацоўнікі міліцыі. Утворыцца натоўп, раптам людзі разыходзяцца, а на зямлі ляжыць міліцыянт. «На гэтых кадрах вы ўсе бачылі самі», — пракаментаваў вядучы.