Работнікам, якія звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта, выплацілі надбаўкі, а факты, якія яны паведамілі - «недакладныя, хлуслівыя і супярэчлівыя». Афіцыйны адказ кіраўніцтва «хуткай дапамогі» Гродна публікуе «АвтоГродно».
«Работнікам ДУЗ «Гродзенская абласная станцыя хуткай медыцынскай дапамогі» (далей- установа) па выніках працы за красавік 2020 г., па тэрміне выплаты 8 траўня 2020 года было выплачана ў рамках Указа № 131 больш за 40 тыс. рублёў (надбаўка выплачана 96 работнікам), пасля рэтраспектыўнага ўдакладнення па тэрміне выплаты авансу — 25 траўня 2020 работнікі атрымаюць адпаведнае грашовае ўзнагароджанне і па выніках працы мінулага перыяду ў маі месяцы.
Аналагічна і работнікам УЗ «Аб'яднаная медыцынская аўтабаза» па выніках працы за красавік 2020 года, па тэрміне выплаты 14 траўня 2020 было выплачана ў рамках Указа № 131 каля 11 тыс. рублёў (надбаўка выплачана 72 работнікам), пасля рэтраспектыўнага ўдакладнення да канца месяца работнікі атрымаюць адпаведнае грашовае ўзнагароджанне і па выніках працы мінулага перыяду ў траўні месяцы.
Непасрэдна кіроўцу УЗ «Аб'яднаная медыцынская аўтабаза» [Hrodna.life не публікуе імя з этычных прычын] за дзве працоўныя змены ў красавіку 2020 года было выплачана 144 рублі", — гаворыцца ў адказе.
Што адбылося?
21 траўня супрацоўнікі «хуткай» адправілі ў Міністэрства аховы здароўя калектыўны зварот. Ліст падпісалі каля 200 работнікаў Гродзенскай абласной станцыі хуткай медыцынскай дапамогі.
На ўмовах ананімнасці адзін з супрацоўнікаў «хуткай» у Гродне распавёў Hrodna.life, што не ўсе медыцынскія работнікі атрымалі надбаўкі па ўказе № 131. У калектывах супрацоўнікі лаяліся з-за выплат і з-за таго, хто будзе вазіць людзей з каранавірусам, за што прадугледжаны надбаўкі.
Аляксандр Байгін, галоўны ўрач абласной станцыі хуткай медыцынскай дапамогі распавёў Hrodna.life, што выплаты налічваюцца згодна з Указам Прэзідэнта. Але ёсць супрацоўнікі, якія хочуць атрымліваць надбаўкі, не працуючы з інфекцыямі.
Як выплачваюць надбаўку за працу з каранавірусам?
Надбаўка выплачваецца штомесяц за працу, звязаную з інфекцыямі, работнікам, якія аказваюць медыцынскую дапамогу пацыентам з інфекцыямі і кантактам першага ўзроўню, і (або) якія працуюць ва ўмовах, звязаных з інфекцыямі, тлумачыць Міністэрства аховы здароўя.
Надбаўка пры разавым кантакце выплачваецца за змену (працоўны дзень), у выпадку працы з пацыентамі з каранавіруснай інфекцыяй або кантактамі першага ўзроўню ў больш чым адной траціны выпадкаў (змен), надбаўка выплачваецца ў поўным памеры за адпаведны месяц працы.
Уся інфармацыя па пацверджаных выпадках заражэння каранавірусам і кантактам першага ўзроўню, якіх перавозіла служба хуткай медыцынскай дапамогі, ва ўстанову паступае штотыдзень або часцей. Гэта дазваляе беспамылкова вызначыць усе выклікі, звязаныя з інфекцыяй і зрабіць выплату надбаўкі ў поўнай меры без парушэння патрабаванняў заканадаўства, паведамляе кіраўніцтва.
Інфармацыю данеслі да работнікаў
Кіраўніцтва адзначае, што 23 траўня 2020 прайшла рабочая сустрэча, дзе работнікам адказалі на пытанні прымянення нормаў Указа № 131.
Усе работнікі ўстановы, выязджаючы на любы выпадак, у поўнай меры забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны, што выключае любы верагодны выпадак заражэння інфекцыяй і рызыка стаць кантактам першага ўзроўню, сказана ў адказе.