Міністр адукацыі Ігар Карпенка лічыць, што неатэстацыі сёлета не будзе, бо «большасць школьнікаў недзе і самастойна займаюцца, недзе атрымліваюць індывідуальныя заданні, недзе анлайн падключаюцца да адукацыйнага працэсу», піша t*t.by са спасылкай на АНТ.

— Па атэстацыі нічога не змянілася. Мы гатовыя атэставаць ўсіх тых, хто пакажа пэўныя веды, — сказаў ён.

Міністр заявіў, што не памыліўся з тэрмінам, калі казаў, што атэстуюць усіх, каго трэба.

— Бо, напрыклад, у нас першыя-другія класы наогул не атэстуюцца. У трэцціх і чацвёртых класах ёсць шэраг прадметаў, па якіх не ідзе атэстацыя. У нас у старэйшай школе, у сярэдняй школе кожны настаўнік ведае, ну, калі Таня Іванова, дапусцім, заўсёды добра адказвала па фізіцы, то што цяпер змянілася ад таго, прыходзіць яна на заняткі ці яна з хаты выконвае нейкія працы і з настаўнікам мае кантакт, — сказаў Карпенка.

На думку міністра, любая атэстацыя — гэта індывідуальны падыход: кожны настаўнік вядзе для сябе пэўныя пазнакі, камусьці ставіць адзнаку па сукупнасці некалькіх урокаў, а кагосьці трэба паклікаць і на асабістую атэстацыю. «Гэта магчыма, мы далі адпаведнае ўказанне», — адзначыў кіраўнік ведамства.

Атэстацыю для тых, хто цяпер не ходзіць на заняткі, можна правесці падчас падтрымліваючых заняткаў, пасля ўрокаў або ў шосты школьны дзень. Міністр заявіў, што ўказанні дадзеныя, кожная школа сама вызначае, у якой форме атэставаць навучэнцаў.

Паводле яго, калі вучань не прысутнічае на занятках і знаходзіцца дома, яму паставяць у журнал «н», бо ў гэты момант школа не нясе за яго адказнасць. «Побач з гэтым „н“ у журнал або замест яго не можа быць пастаўлена адзнака», — заявіў Карпенка.

Па словах міністра, у школах пакуль ніякіх пытанняў па атэстацыі не ўзнікала. Ён таксама распавёў, што наступны навучальны год пачнецца, як заўсёды, 1 верасня, а навучальную праграму сплануюць так, каб паўтарыць складаныя тэмы чацвёртай чвэрці гэтага года. Будзе магчымасць пакінуць падручнікі на лета.

Платформа для дыстанцыйнага навучання

Да канца года ў Мінадукацыі разлічваюць распрацаваць адзіную анлайн-платформу для дыстанцыйнага навучання ў Беларусі. Паводле звестак ведамства, у краіне 80 адсоткаў навучэнцаў (1 млн 15 тысяч) маюць доступ да інтэрнэту. Цяпер гэтым пытаннем займаюцца Нацыянальны інстытут адукацыі, галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Міністэрства адукацыі і Акадэмія паслядыпломнай адукацыі.

— Нам паступілі прапановы і ад шэрагу IT-кампаній нашага Парку высокіх тэхналогій, — расказаў міністр.

Выпускныя і ўступная кампанія

У школах павінны прайсці ўрачыстыя ўручэння атэстатаў і сведчанняў, заявіў міністр, але фармат выберуць школы разам з бацькамі самастойна.

Паводле Мінадукацыі, у гэтым годзе ў краіне — 52,5 тысячы 11-класнікаў і 76 тысяч 9-класнікаў.

Цэнтралізаванае тэставанне перанеслі на больш позді тэрмін, апублікаваны новы расклад. Будзе таксама тры дадатковых дня для тых, хто не змог прысутнічаць у асноўны дзень, і рассаджванне абітурыентаў з улікам сацыяльнага дыстанцыяваньня.

Атэстуюць ўсіх? Карпенка распавёў, калі будзе гатова "дыстанцыёнка" і як пройдзе ЦТ

— Мы не будзем засяроджваць дадатковыя дні цэнтралізаванага тэставання выключна ў Мінску, як гэта было раней. Мы хочам зрабіць у кожным абласным цэнтры. Гэта будзе 7 кропак. Ну і, адпаведна, пойдзе зрушэнне графіка падачы дакументаў, залічэння і гэтак далей, — удакладніў ён.

Заробкі настаўнікаў

Міністр запэўніў, што настаўнікі не страцяць ў фінансавым плане ад увядзення дыстанцыйнай формы навучання. Ва ўстановы адукацыі накіраваныя рэкамендацыі, як стымуляваць настаўнікаў у дыстанцыйнай працы.

— Мы адсочваем гэтае пытанне не толькі таму, што тут у нас адбыліся такія змены і мы трошкі ў іншым фармаце працуем, — сказаў кіраўнік Мінадукацыі. — З першага студзеня была ўкаранёна новая сістэма аплаты працы, і мы маніторам гэтую сітуацыю.

Міністр заявіў, што на сённяшні дзень зарплаты настаўнікаў складаюць прыкладна 80−82 працэнтаў ад сярэдняй па краіне.

Паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 11 лютага ў Беларусі пацверджана 263 551 выпадак каранавіруса (1692 за апошнія суткі), ачунялі і выпісаны 252 068 (1990 за апошнія суткі) пацыентаў, памёрлі 1820 чалавек (9 за апошнія суткі).