Гродзенскі рок-гурт «Соцыум» прадставіў песню пра барацьбу з каранавірусам.
«У першую чаргу наша праца прысвячаецца медыкам і людзям, якія цяпер на перадавой з хваробай», — кажа саліст гурта Дзмітрый Шчэрба.
На запіс песні сышло два дні. З’явіўся і кліп, хоць спачатку музыкі яго не планавалі.
«Наш гукарэжысёр Алег Ярмаш узяў сапраўдную карцінку з жыцця, якую даюць сусветныя СМІ, і наклаў на яе песню. Так і атрымаўся кліп», — дадаў Дзмітрый.
Якія яшчэ песні запісвалі гродзенцы пра каранавірус?
Гродзенскія школьнікі ў сярэдзіне сакавіка запісалі відэа з песняй, дзе ёсць такія словы: «Мы фашистов победили, победим и эту тварь». Пра дзіўную песню школьнікаў нават распавяло тэлебачанне.
Сябар рэдакцыі Hrodna.life Яраслаў Семінскі любіць імправізаваць. Ён можа напісаць песню за 30 хвілін. Так ён і напісаў трэк «Отдыхает рутина в жажде карантина» на мелодыю «Feel» Робі Уільямса.
З песняй пра каранавірус у рэдакцыю Hrodna.life звярнуўся яшчэ адзін чытач. Хлопца зваць Арсень Палубенцаў, ён навучаецца ў адным з каледжаў горада. Відэа з песняй «Слушай ВОЗ, а не людей», ён выклаў на YouTube 13 красавіка. Але праз месяц выдаліў.