У 10 туры чэмпіянату Беларусі «Нёман» на сваім полі апынуўся мацней за жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» — 3:1.

Нягледзячы на чуткі з наяўнасцю каранавіруса ў гульцоў «Тарпеда», матч у Гродне федэрацыя не адмяніла. Жодзінцы прыехалі на гульню з «Нёманам» без некалькіх сваіх лідараў. Дублёры ж перанеслі гульню на больш позні тэрмін. Знайшлася і прычына — у некаторых гульцоў з Жодзіна экзамены.

У матчы асноўных каманд госці першымі адкрылі лік. На 10-й хвіліне Юсаў вывеў жодзінцаў наперад. Гродзенцы здолелі зраўнаваць лік толькі перад самым перапынкам. Расадкін пасля перадачы Кадзімяна адправіў мяч галавой у вароты суперніка.

У другім тайме гульня пайшла пад дыктоўку гродзенскай каманды. На 69-й хвіліне Жукоўскі рэалізаваў пенальці за фол супраць Яблонскага. А на 88-й хвіліне Марушыч дабіў «Тарпеда» і зрабіў лік 3:1.

«Нёман» — «Тарпеда-БелАЗ» — 3: 1

Пасля перамогі над «Тарпеда» гродзенская каманда паднялася на 11-е месца ў турнірнай табліцы і мае ў сваім актыве 11 балаў.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life