Адзін з кіраўнікоў Гродзенскага мясакамбіната асуджаны за хабар, злоўжыванне службовым становішчам і крадзеж. Ён займаўся заключэннем дамоваў на дастаўку частак і камплектуючых для абсталявання завода. За некалькі месяцаў ён атрымаў ад пасярэднікаў больш за 5000 долараў, кажуць праваахоўнікі.

Прысуд вынесены ў судзе Ленінскага раёна Гродна 24 красавіка. Адбываць пакаранне асуджаны будзе ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. На пяць гадоў ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, юрыдычна значных дзеянняў.

Ці абскарджаны прысуд, у Гродзенскім абласным судзе Hrodna.life адмовіліся паведаміць.

Мужчыну асудзілі паводле наступных артыкулаў:

  • ч.2 і ч.3 арт.430 КК (атрыманне хабару),
  • ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі)
  • ч.3 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены ў буйным памеры).

Абмяркоўваць падрабязнасці карупцыйнай справы з журналістам Hrodna.life на мясакамбінаце адмовіліся.


Аднаго з кіраўнікоў Гродзенскага мясакамбіната затрымалі ў канцы траўня 2019 года пры атрыманні хабару. У яго кампетэнцыю ўваходзіла заключэнне дагавораў паставак запасных частак і камплектуючых да тэхналагічнага абсталявання. Пра затрыманне паведаміла 27 траўня 2019 года мясцовая міліцыя. Телеграм-канал «Гродненские сливы» праз некалькі дзён паведаміў, што, верагодна, затрыманы намеснік галоўнага інжынера мясакамбіната.

51-гадовы на той момант мужчына некалькі месяцаў атрымліваў грошы ад пасярэднікаў. За ўсё яму перадалі больш за 5000 долараў, паведамілі ў міліцыі.

Карупцыя на Гродзенскім мясакамбінаце

Люты 2019. За хабар у буйным памеры — 19 000 рублёў - асудзілі начальніка тарнага ўчастка Гродзенскага мясакамбіната. Па версіі следства, ён неаднаразова браў хабару за спрыяльнае рашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю.

Яго прысудзілі да 4 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Акрамя таго, мужчына на 5 гадоў пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.

Студзень 2017. За крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі службовую асобу Гродзенскага мясакамбіната і кіраўніка прыватнага гандлёвага прадпрыемства Гродна затрымлівалі ў 2017 годзе. Іх падазравалі ў тым, што з 2013 па 2016 год яны ладзілі закупку для патрэб мясакамбіната па заведама завышаных цэнах праз створанае для крадзяжоў прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства. У выніку яны прысвоілі парадку 83 тысяч рублёў. Далейшы лёс крымінальнай справы не зразумелы.


ААТ «Гродзенскі мясакамбінат» — адно з найбуйнейшых мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі. У 2018 годзе выручка кампаніі склала 312,3 млн рублёў, чысты прыбытак — 10,4 млн. Фінансавая справаздачнасць за 2019 год па стане на 15 мая 2020 яшчэ не была апублікавана. У каментары да фінансавай справаздачнасці за 2018 год незалежны аўдытар агенцтва «Грант Торнтан» адзначыў, што «Гродзенскі мясакамбінат» не раскрывае інфармацыю аб узнагароджанні ключавога кіруючага персаналу.

Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact info@hrodna.life