Працягваюцца працы над нанясеннем сграфіта над брамай Старога замка ў межах першай чаргі рэканструкцыі. Цяпер браму ўпрыгожваюць партрэты рымскіх імператараў і Стэфана Баторыя. Недарэчнасць у подпісе да аднаго з партрэтаў заўважыў і растлумачыў гродзенскі краязнаўца і блогер Яўген Аснарэўскі.

За ўзор выяваў рымскіх імператараў для брамы Старога замка ўзятыя сграфіта на замку ў Красічыне (Польшча), дзе выкарыстоўваліся партрэты з кнігі Illvstrivm imagines (1517) Fulvio Andrea. На адным з сграфіта на Старым замку пры капіяванні мастак цалкам зблытаў подпіс, змяшаўшы часткі тытула і лацінскія лічбы.

Фотафакт: На сграфіта над брамай Старога замка ў Гродне мастак цалкам зблытаў подпіс да партрэта
Калаж Яўгена Аснарэўскага (facebook.com).
Злева — выява зыходніка з замка Красічына, справа — варыянт Старога замка

Адлюстраваны імператар Карл V, то бок Сarolvs V на латыні. Відаць, што імя манарха падзелена на дзве часткі Сaro ды lvs. Але калі ў Красічыне гэта зроблена з-за таго, што галава персанажа перашкаджае напісаць імя без разрыву, то ў Гродне, як можна бачыць, месца для нармальнага напісання хапае, тым не менш разрыў перанесены і ў гродзенскі варыянт, — піша Аснарэўскі. — Больш за тое, аўтар не зразумеў і парадкавага нумара імператара і прыткнуў яго да іншай часткі тытулатуры, атрымаўшы загадкавы «vrom». Як я ўжо казаў, віна ляжыць, вядома ж, на навуковым кіраўніку, а не на мастаку, якому далі фотку з Красічына і сказалі «Малюй, мастак!».

Раней Яўген Аснарэўскі разбіраў і іншыя памылкі на выявах у Гродне.

Чытайце таксама: Экскурсія (вакол) аднаго дома. Купал Старога замка

Тэхніка сграфіта характэрная для эпохі Рэнесансу. У Гродне ёсць выкананая ў тэхніцы зграфіта аздоба на Брыгіцкім касцёле XVII ст., таксама зграфіта адкрылі і ў кутняй вежы Лідскага замку. Некаторыя выявы ў дадзенай тэхніцы захаваліся з тыльнага боку Старога замка. Але вось што было намалявана на вежы — невядома. Якіх-небудзь карцін, гравюр або апісанняў да нашага часу не захавалася.

Чытайце таксама: Скульптар паказаў новыя маскароны, якія хутка з’явяцца на Старым замку

Гісторык Мікалай Волкаў, які з’яўляецца галоўным апанентам існуючага праекта рэканструкцыі Старога замка, кажа пра тое, што ўязная вежа не была дабудавана пры жыцці самога Стэфана Баторыя. Яе пачалі ўзводзіць у 1586 годзе, у канцы якога кароль памёр. Сграфіта, адпаведна, таксама не паспелі зрабіць.

— Партрэт Стэфана Баторыя, лічыце, — даніна памяці каралю. Мы не ведаем, што магло быць намалявана на вежы. І гэта некаторае дапушчэнне, якое мае месца быць, — тлумачыла раней Алена Клімовіч, начальніца упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама.

Даведка:

Сграфіта — тэніка дэкаравання, характэрная для Рэнесансу. Наносіцца адзін пласт тынкоўкі - каляровы. Па ім зверху кладуць яшчэ адзін — белы. Далей мастак зразае белы пласт у патрэбных месцах, каб атрымалася выява. У выпадку замка — гэта профільныя партрэты ў медальёнах, грыфоны ды раслінныя арнаменты.

Чытайце таксама: «Тэатр Тызенгаўза» насамрэч не Тызенгаўза: 5 міфаў з тэатральнай гісторыі Гродна разбурыў Яўген Аснарэўскі