Міжнародны фестываль дакументальнага кіно WATCH DOCS Belarus і VOKA TV аб’ядноўваюцца ў доўгачаканай для многіх калабарацыі: адборная і рэзанансная дакументалістыка аб правах чалавека будзе даступная анлайн на працягу цэлага тыдня! З 21 па 29 траўня на платформе VOKA TV вы зможаце ўбачыць 10 выбітных фільмаў з калекцыі фестываля. Зразумела, бясплатна.

Калі ва ўзмоцненай плыні інфармацыйнага шуму вы шукаеце па-сапраўднаму годны ўвагі кантэнт, які здольны пашырыць, а магчыма, і пахіснуць вашу карціну свету, то эстэтычная дакументалістыка ад WATCH DOCS зробіць сваю справу. Прыцэльныя расследаванні, блізкія і далёкія пранізлівыя асабістыя гісторыі на фоне цэлых эпох, вера і бязвер’е ў чалавецтва, замежная і беларуская дакументалістыка, кароткі і поўны метр — вам будзе з чаго выбіраць.

З месца ў кар’ер: Belarus WATCH DOCS рады прадставіць найсвежую прэм’еру — «Сталкеры Чарнобыля», які выйшаў у красавіку гэтага года. Новы фільм ад рэжысёркі і прадзюсаркі Йары Лі распавядае пра горад Прыпяць сёння, што паспеў стаць па-вар'яцку прыцягальным для сталкераў і турыстаў. Райскі гарадок, які прайшоў праз пекла, што скалыхнула ўсю планету, зноў адраджаецца — але ці ўжо ў іншы вырай? Фестываль таксама запрашае зазірнуць за акіян і зразумець, што ў траўме ядзерных выпрабаванняў мы далёка не адзіныя. Пра сваё пекла распавядуць героі фільма «Атамныя салдаты» — сведкі і ўдзельнікі ядзерных выпрабаванняў ЗША ў 70-х.

Прайсціся па беларускіх балотах пад музыку «Нагуаль» і меладычную гутарку мясцовых жыхароў можна ў фільме Ігара Чышчэні «Подых балот». А аматары прайсціся па вастрыю забароненых да адкрытага абмеркавання ў Беларусі тэм ацэняць фільм «Падполле надзеі», у якім адлюстраваны досвед легалізацыі медыцынскай марыхуаны ў суседняй Польшчы.

Фільм «Вырасла, пакуль ты спала», які выклікаў эмацыйныя абмеркаванні яшчэ на афлайн-паказах, раскажа аб жыцці і самавызначэнні беларусаў у эміграцыі, а таксама аб тонкай сямейнай сувязі скрозь пакаленні і сотні кіламетраў.

Адчуць пульс афрыканскага стрыт-арту, танцаў, наіўнага мастацтва і ўбачыць, як ўсё гэта дапамагае адстаяць сваю годнасць цэламу народу, дапаможа ўжо ўпадабаны гледачамі WATCH DOCS фільм «Мастацтва супраціву ў Буркіна-Фасо». За дасціпную іранічнасць у дакументалістыцы ў гэтай дзясятцы адказвае кароткаметражка Святланы Шымко «Ленінапад» аб нядаўняй дэкамунізацыі Украіны.

Поўны спіс фільмаў тыдня Belarus WATCH DOCS на VOKA TV

Больш падрабязная інфармацыя пра кожны з фільмаў:

  • «Ленінапад» (рэж. Святлана Шымко, Украіна, 2017, 11', кароткаметражны)

Фільмы «Беларускай праграмы» фестываля 2019-года:

Больш пра WATCH DOCS Belarus — на watchdocs.by.