У інтэрнаце ГДАУ на вул. Церашковай, 24 апрацавалі паверхі, на якіх жылі заражаныя каранавірусам студэнты. Адміністрацыя пацвердзіла 4 выпадкі інфікавання, студэнты працягваюць свабодна выходзіць з будынка.
«У нас у інтэрнаце яшчэ два заражаных каранавірусам. У дзвюх дзяўчат пацвердзілі. У суботу ўвечары (9 траўня — Hrodna.life) стаяла хуткая. На раніцу ў нядзелю іх забралі. Правялі апрацоўку паверха», — расказаў Hrodna.life студэнт Факультэта аховы раслін, які жыве ў інтэрнаце. Пра заражаных ён даведаўся ад каменданта інтэрната.
Сам ён рэгулярна бачыць машыны хуткай дапамогі, якія стаяць ля будынка.
12 траўня хуткая таксама прыязджала да аднагрупніка суразмоўцы Hrodna.life — у таго была высокая тэмпература. Напярэдадні ён наведваў заняткі ва ўніверсітэце. Студэнта пакінулі ў інтэрнаце.
У інтэрнат зараз пускаюць толькі тых, хто там жыве, але выпускаюць студэнтаў свабодна, распавялі Hrodna.life.
У інтэрнаце — чатыры заражаныя, паведамілі ў адміністрацыі. Ці вызначылі кантактных першага ўзроўню і што з імі цяпер, у гутарцы з Hrodna.life дзяжурная па інтэрнаце не змагла сказаць, спасылаючыся на працяглыя выхадныя.
— Апрацоўваецца ўсё, санстанцыя прыехала — апрацавала, стаіць антысептык для рук, прыбіральшчыцы апрацоўваюць месцы агульнага карыстання, ручкі мыюць, прыбіраюцца з дадаткам дэзраствору. У пакоі студэнты прыбіраюцца, бялізну мяняюць, — распавяла камендантка пра меры па прадухіленні распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі.
Немагчыма адсачыць усе бальнічныя супрацоўнікаў і выкладчыкаў, кажуць у адміністрацыі ўніверсітэта. Тым не менш, там паведамілі,
што правялі ўсе мерапрыемствы згодна з рэгламентам дзеянняў пры выяўлення каранавіруснай інфекцыі. Нешта — сіламі інтэрната, нешта — з дапамогай санэпідстанцыі.
— Кантактныя групы вызначае санэпідэмстанцыя. Да іх прыстаўлены органы ўнутраных спраў, якія могуць з імі перасоўвацца і кантраляваць тых, хто знаходзіцца ці не знаходзіцца на добраахвотнай самаізаляцыі або на каранціне. Да нас можа прыходзіць інфармацыя з адпаведных органаў. Калі нам такая інфармацыя даводзіцца, мы павінны іх (хто знаходзіцца на самаізаляцыі - Hrodna.life) дадаткова кантраляваць. Але вызначае кантактныя групы санэпідэмстанцыя, — паведамілі ў адміністрацыі.
Ні адзін выкладчык не знаходзіцца ў рэанімацыі з COVID-19, абверглі ва ўніверсітэце распаўсюджаную раней інфармацыю.
«Любы хворы знаходзіцца ў кантакце са сваім непасрэдным кіраўніком. Мне не дакладвалі ні пра аднаго чалавека, які б знаходзіўся ў рэанімацыі», — паведаміў Hrodna.life Іван Дарашкевіч, прарэктар па вучэбнай рабоце.
Інтэрнаты і ГДАУ знаходзяцца кампактна ў адным месцы і займаюць 14 га. Студэнты не перасоўваюцца па горадзе — ад інтэрната да ўніверсітэта трэба прайсці 100 метраў. Жылыя дамы гродзенцаў знаходзяцца ад іх досыць далёка.
— Мы сваіх студэнтаў не адправілі па рэгіёнах разносіць каранавірус. Яны калі і заражаныя, то ўсе тут пад наглядам, — кажа прарэктар.
Паводле яго слоў, студэнты самі адмовіліся ехаць дадому на дыстанцыйнае навучанне. Маўляў, раптам мы заражаныя — навошта мы будзем заражаць бацькоў? У інтэрнаце можна застацца і на час летніх канікул — так было і да каранавіруса, распавялі ў адміністрацыі. Усе, хто хацеў перайсці на індывідуальны графік і з’ехаць дадому, ужо з’ехалі.
«Сёння (11 траўня — Hrodna.life) нам павесілі аб’яву, дзе гаворыцца, каб усе студэнты сядзелі ў масках на занятках. Выкладчыкі, мабыць, не будуць дапускаць да заняткаў без масак. Зноў жа — выдаткі. Пропуск пары — таксама выдаткі», — распавёў студэнт Hrodna.life.
Адпрацаваць практычны занятак каштуе 4 рублі, лекцыю — 17.
«Таму я часам прапускаю практычныя заняткі, гэта менш па кашальку б’е», — кажа адзін са студэнтаў. Маскі студэнты таксама купляюць за свой кошт.
Маскі носяць рэкамендацыйны характар, кажуць у адміністрацыі: «Чалавек мае права выбару. Але, з іншага боку, яму могуць зрабіць заўвагу выкладчыкі або яго аднагрупнікі». Кажуць, цяпер студэнты самі купляюць маскі з прынтамі або малюнкамі. У пачатку эпідэміі ў Гродне аднаразовыя маскі адміністрацыя раздавала бясплатна.
І цяпер студэнты могуць папрасіць маску ва ўніверсітэце — ім не адмовяць. Таксама ўсім маскі раздадуць пры правядзенні ў ГДАУ рэпетыцыйнага тэставання для абітурыентаў, якое пройдзе ў траўні.
Раней студэнты паведамлялі пра заражанага выкладчыка, які знаходзіцца ў рэанімацыі, і заражанага першакурсніка. Некаторыя пасля адправіліся на самаізаляцыю як кантакты першага ўзроўню. Адміністрацыя не пацвердзіла і не абвергла выпадкі заражэння ва щніверсітэце. Карантыну ў ГДАУ няма, уводзіць дыстанцыйнае навучанне не плануюць.
У Гродне лабараторыя ДНК-тэхналогій аграрнага ўніверсітэта пачала выконваць тэсты на COVID-19. Яна стала пятай у рэгіёне, якая працуе ў гэтым кірунку. Раней тут праводзіліся даследаванні ў галіне сельскай гаспадаркі, аднак з улікам эпідсітуацыі яе магутнасці задзейнічаюць для дыягностыкі каранавіруса. Сучаснае абсталяванне дазваляе спецыялістам праводзіць да 500 тэстаў у дзень, паведамляе tvr.by.
— Лабараторыя акрэдытаваная ў сістэме стандартаў. Прафесійны персанал. Мы маем дазвол Міністэрства аховы здароўя на працу з патагеннымі мікраарганізмамі. Таму пачынаем да COVID-19 у дапамогу іншым лабараторыям. Кожнае жыццё сёння важнае, — кажа Вольга Епішка, загадчыца лабараторыі ДНК-тэхналогій Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.
У лабараторыі ўжо даследавалі першую партыю аналізаў. Біялагічны матэрыял паступае з медустаноў з усёй Гродзенскай вобласці. Вынікі выдаюцца ў той жа дзень.
Паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 11 лютага ў Беларусі пацверджана 263 551 выпадак каранавіруса (1692 за апошнія суткі), ачунялі і выпісаны 252 068 (1990 за апошнія суткі) пацыентаў, памёрлі 1820 чалавек (9 за апошнія суткі).
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…