Гродзенцы стварылі збор сродкаў праз краудфандынг для актывістаў, якіх асудзілі за сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Таксама ўсе жадаючыя могуць прыносіць ахвяраванні на вул. Кірава, 3 у краму «Адметнасць». Ахвяраваць можна як грошы, так і прадукты.

— Усе затрыманыя апынуліся ў няпростай сітуацыі і іх сем’ям зараз патрэбна дапамога ў арганізацыі прадуктовых і рэчавых перадач, аплаце за знаходжанне ў ізалятарах і г. д, — пішуць гродзенцы.

Таксама можна перадаваць газеты, паперу і асадкі. Ад 11-га мая актывісты будуць штодзённа у 12:00 прыходзіць на вул. Гая 4, каб аднесці перадачы. Грошы можна таксама накіроўваць родным асуджаных. Актывісты падкрэсліваюць, што ўсе дзеянні ажыццяўляюць з ужываннем сродкаў індывідуальнай абароны (СІА) — масак.

Па спасылцы вы знойдзеце інфармацыю пра тое, што можна перадаваць затрыманым.

За што іх затрымалі?

Прычына — удзел у сустрэчы 26 красавіка, якую арганізаваў у парку Жылібера аўтар блога «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі. Затрымалі гродзенцаў на падставе арт. 23. 34 КоАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў».

Самога блогера затрымалі 6 траўня і асудзілі на 15 дзён арышту за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту. Ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) у Гомелі. Пасля затрымання ён абвясціў аб жаданні ўдзельнічаць у выбарах прэзідэнта Беларусі.

Хто такі блогер Сяргей Ціханоўскі, які хоча быць прэзідэнтам Беларусі

Падтрымаць блогера Ціханоўскага ў цэнтры Гродна выйшлі 20 чалавек

Колькі людзей затрымалі?

Адну з удзельніц гэтай сустрэчы, Алену Сахарчук, з раніцы 8 траўня міліцыя забрала прама з працоўнага месца. Яна напісала заяву на адпачынак за свой кошт, як ёй параілі і міліцыя і адміністрацыя прадпрыемства, пасля чаго яе забрала міліцыя і павезла ў Ленінскі РАУС Гродна. Ёй прысудзілі 6 сутак. На волю павіна выйсці 14 траўня.

Гродзенскаму актывісту Аляксандру Лаўрэнцьеву 8 траўня прысудзілі 7 сутак адміністрацыйнага арышту. Але на волю ён павінен выйсці толькі 17 траўня, бо засталіся яшчэ двое неадбытых сутак.

Таксама па артыкуле 23.34 КоАП у Гродне адправілі на суткі яшчэ тры чалавекі:

Васіль Калач засуджаны да 5 сутак арышту. Павінен выйсці 13 траўня;

Яўген Рэзнічэнка — 6 сутак. На волю павінен выйсці 14 траўня;

Юрый Шока — 7 сутак. На волю павінен выйсці 15 траўня.

Да сямі сутак арышту. Што з затрыманымі актывістамі зараз і як ім дапамагчы?

У Гродне асудзілі рэжысёра Васіля Калача за сустрэчу з блогерам Ціханоўскім

Будуць яшчэ затрыманні?

Каля пад’езда і на лесвічнай пляцоўцы аднаго з адміністратараў каналу «Страна для жизни» Зьміцера Фурманава з 8 траўня дзяжурыць міліцыя. Супрацоўнікі прыходзілі і да яго дзяўчыны — Вольгі Каракінай.

Некалькі чалавек асудзілі па той жа прычыне ў Лідзе. Сярод іх два медыка. Ім таксама арганізавалі збор. На 15 сутак асудзілі бацьку 4-х дзяцей Паўла Анціпкіна. Блогеру Сяргею Пятрухіну з Брэста далі 15 сутак, нягледзячы на тое, што ў яго высокая тэмпература і сімптомы, як пры каронавірусе.

На вечар 10 траўня ў праваабарончым цэнтры «Вясна» дакладна ведалі пра 55 актывістаў і прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага, якія зараз знаходзяцца за кратамі. З іх 17 чалавек асуджаны на арышты тэрмінам ад 2 да 15 сутак (у іх ліку і Сяргей Ціханоўскі, які адбывае арышт, прысуджаны яму яшчэ ў студзені). Суды праходзілі ў пяці гарадах: Гомелі, Віцебску, Лідзе, Гродне, Магілёве. Агульная колькасць атрыманых сутак — 132. У ізалятарах 38 чалавек чакаюць судоў.

Фельчар хуткай дапамогі з Ліды: сітуацыя нашмат горшая за афіцыйныя звесткі

Як схадзіць на мірны сход, каб вярнуцца дамоў. Парады юрыста

Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact info@hrodna.life